На гэтым тыдні Прэзідэнт наведаў Гомель. На сустрэчы з актывам вобласці, на якім прысутнічала і дэлегацыя нашага раёна, Аляксандр Лукашэнка неаднаразова падкрэсліў, што лічыць адраджэнне Палесся адным з важнейшых участкаў сваёй прэзідэнцкай работы.

Адраджэнне ПалессяКіраўнік дзяржавы згадаў пра тое, як на Палессі ў 90-я гады сустракаўся з мясцовымі жыхарамі і разам з імі касіў траву, вывучаў настроі людзей. У той час па рэ-гіёне хадзілі ідэі абвяшчэння Палескай рэспублікі, і ў тым ліку дзякуючы такім сустрэчам удалося захаваць адзінства ў краіне. “Я чаму ўспамінаю гэты момант? Таму што сапраўды я хваляваўся, каб краіна захавалася. Але пасля гэтых сустрэч я ніколі больш не чуў, што на Палессі людзі хочуць аддзяліцца ад Беларусі”, – адзначыў прэзідэнт.

Аляксандр Рыгоравіч падкрэсліў, што асаблівая ўвага заўсёды ўдзялялася аднаўленню і развіццю тэрыторый, пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
“Я памятаю той, можна сказаць, далёкі па нашых мерках час і зусім недалёкі па мерках гісторыі, калі нам, кінутым на волю лёсу пасля распаду Савецкага Саюза, давялося пераадольваць наступствы чарнобыльскай катастрофы. Гэта быў вельмі цяжкі час. Праблема заключалася ў тым, што мы не ведалі, як зрабіць лепш. Але ўжо тады я для сябе прыняў рашэнне, што гэты квітнеючы і прыгожы куток не толькі Беларусі, але і Еўропы, павінен жыць, мы яго ні ў якім разе не павінны кінуць на волю лёсу. Многія пытанні па чарнобыльскай праблематыцы мной прымаліся і вырашаліся ў Гомельскай вобласці. Мы зрабілі правільна. Мы выратавалі вобласць”, – падкрэсліў беларускі лідар.

“Я лічу і тады лічыў, што вельмі працавітыя і прыстойныя людзі жывуць на Гомельшчыне і іх трэба падтрымаць”, – адзначыў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы ў час сустрэчы канстатаваў, што за апошнія 25 гадоў рэгіён у разы прырос у сельскай гаспадарцы, аднак праблем тут пакуль не менш, чым у Віцебскай вобласці. У гэтым плане Аляксандр Лукашэнка ўскладае надзеі на губернатара Генадзя Салаўя. “Я бачу, як ён прырос да зямлі. Трэба вызначыць тыя культуры, вырошчванне якіх у вобласці дасць найбольшы эфект, – сказаў Прэзідэнт.

– Не павінна быць стратнай гэта галіна. Таму нам трэба сур’ёзна падумаць і выпрацаваць канкрэтную праграму. Да таго ж тут неабходна ўзмацніць меліярацыю. Трэба выпрацаваць асобную праграму адраджэння вёскі на Гомельшчыне. Без вёскі, без зямлі, без сельскай гаспадаркі, нягле-дзячы на нашы гіганты, “Гомсельмаш”, БМЗ, Мазырскі НПЗ, фосфарны камбінат і гэтак далей, жыцця тут не будзе”, – упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт у ходзе сустрэчы адзначыў неабходнасць зрабіць максімум для таго, каб у наступнай пяцігодцы рос і дабрабыт грамадзян.
“Шмат што зроблена ў вас і ў сацыяльнай сферы: 133 тысячы сем’яў, у тым ліку 13 тысяч шматдзетных палепшылі жыллёвыя ўмовы, даходы выраслі ў 7 разоў, рэальная зарплата – у 9 разоў, пенсіі – у 10. Дзякуючы гэтаму ў 6 разоў знізіўся ўзровень малазабяспечанасці. Трэба на прыступку вышэй падняцца ў будучай пяцігодцы, і для гэтага трэба зрабіць максімум”. – зазначыў Прэзідэнт краіны.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што Гомель і вобласць маюць самыя цесныя сувязі адразу з дзвюма братэрскімі для Беларусі краінамі – Расіяй і Украінай. “Трэба гэтым карыстацца – ад продажу сельгастэхнікі да пастаўкі прадуктаў харчавання”, – канкрэтызаваў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы, у прыватнасці, адзначыў, што ў выніку проціэпідэмічных мер ва Украіне прыкладна на пятую частку скарацілася вытворчасць у сельскай гаспадарцы. “З-за таго, што ізалявалі людзей і яны практычна своечасова не пасеялі. І ў гэты год у іх вельмі моцны спад. Ну падстаўце плячо. Прадайце туды сельгаспрадукцыю, прадукты харчавання. Яны будуць запатрабаваны”, – сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Рыгоравіч звярнуў увагу і на той факт, што, паводле прагнозаў ААН, у бліжэйшы час да мільярда чалавек у свеце будуць галадаць: “Значыць, нельга кідаць сельскую гаспадарку. Прадукты харчавання будуць у цане. І ўсё, што звязана з сельскай гаспадаркай”.
Прэзідэнт адзначыў, што нягледзячы на тое, што зроблена ў регіёне нямала, праблем таксама хапае. Зразумела адно: жаданне зрабіць уласнае жыццё лепшым павінна рухаць нас да новых здзяйсненняў.

Пасля выступлення Прэзідэнта адбыўся традыцыйны дыялог з удзельнікамі сустрэчы.
Таксама ў час візіту Аляксандр Лукашэнка ва ўрачыстай абстаноўцы адкрыў Гомельскую цэнтральную гарадскую паліклініку.
Кіраўнік дзяржавы агледзеў паліклініку, азнаёміўся з яе магчымасцямі і паразмаўляў з персаналам. Прэзідэнту расказалі пра аснашчанасць новага аб’екта аховы здароўя, прадэманстравалі абсталяванне.
Кошт аб’екта склаў 26,4 мільёна рублёў, у тым ліку 7 мільёнаў рублёў пайшло на набыццё сучаснага медыцынскага абсталявання.

Паліклініка разлічана на 800 наведванняў у змену. Тут могуць атрымліваць дапамогу 40 тысяч жыхароў трох мікрараёнаў Гомеля. Працаваць у паліклініцы будуць 450 чалавек, у тым ліку 110 урачоў і больш за 160 супрацоўнікаў сярэдняга медыцынскага персаналу. Пры гэтым ствараецца 150 новых рабочых месцаў.
Пасля выхаду з паліклінікі кіраўнік дзяржавы яшчэ раз паразмаўляў з прысутнымі на мерапрыемстве жыхарамі Гомеля, адказаў на іх пытанні. У прыватнасці, узнімаліся тэмы будаўніцтва дзіцячых і спартыўных пляцовак у дварах, развіцця дарожнай інфраструктуры. Аляксандр Лукашэнка паабяцаў у гэтым плане падтрымку.

Галіна КАЗАК.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о