У Петрыкаўскім раёне працягваюць працаваць лагеры працы і адпачынку, валанцёрскія атрады. Пра тое, як арганізаваны летні адпачынак у жніўні, распавяла галоўны спецыяліст аддзела адукацыі Петрыкаўскага райвыканкама Алена Гапонава.

Адпачынак для дзяцей
Лета – сапраўды ўнікальная пара, калі можна навучэнцам устаноў адукацыі сумясціць прыемны адпачынак з аздараўленнем і нават зарабіць першыя самастойныя грошы, – падзялілася Алена Аляксандраўна. – Мы ўлічылі ўсе пажаданні дзяцей і арганізавалі ім лагеры рознага накірунку.

Так, на тэрыторыі Петрыкаўшчыны ад устаноў адукацыі працуюць 18 лагераў рознай накіраванасці.
Тры лагеры працы і адпачынку арганізаваны для вучняў Навасёлкаўскай, Пціцкай сярэдніх школ і ДУА “Петрыкаўскі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі”. У першых двух хлопцы прасушваюць зерне, у апошнім – вучні шыюць чахлы для мэблі і сцэнічныя касцюмы.

У нас працуе 3 кругласутачных лагера на базе Бабуніцкай і Чалюшчавіцкай школ і Капаткевіцкага Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Дзеці актыўна праводзяць час, гатуюць ежу на вогнішчы, начуюць у палатках, днём выязджаюць па месцах баявой славы, дзе навучэнцам распавядаюць пра галоўныя гістарычныя падзеі Петрыкаўшчыны.

Профільныя лагеры размясці-ліся на базе Капаткевіцкай сярэдняй школы сумесна з аддзелам РАНС – вучні актыўна вывучаюць працу пажарнікаў, а тыя, у сваю чаргу, праводзяць прафілактычную работу па прадухіленні пажараў. Па тым жа прынцыпе арганізаваны лагер “Прававы” ў Капцэвіцкай сярэдняй школе, дзе спецыялісты раённага аддзела ўнутраных спраў праводзяць прафілактыку правапарушэнняў.
40 дзяцей наведваюць ваенна-патрыятычны лагер, арганізаваны на базе Ваеннага камісарыята Петрыкаўскага раёна.

Упершыню ў гэтым годзе быў створаны лагер для дзяцей-інвалідаў на базе Дзяржаўнай установы адукацыі “Петрыкаўскі раённы цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі”.

Акрамя гэтага, настаўнікі і вучні прымалі актыўны ўдзел у валанцёрскіх акцыях. Дапамагалі адзінокапражываючым, пенсіянерам і інвалідам па хатніх справах – прыносілі ваду, куплялі прадукты, прыбіраліся ў двары.
Удзел у трохдзённым турыстычным злёце, што прайшоў на мінулым тыдні ў гарадскім пасёлку Карма быў арганізаваны для падлеткаў, якія стаяць на рознага віду ўліках ІСН. Дзеці ўдзельнічалі ў розных конкурсах, выяўляючы свае творчыя здольнасці.
Па словах Алены Гапонавай, за ўвесь летні перыяд у нашым раёне 781 навучэнец атрымаў аздараўленне.

– З дзецьмі была праведзена работа па многіх напрамках, ад арганізацыі вольнага часу да прафілактыкі бяспечных паводзін.

Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о