У мяне для вас дзве навіны: адна добрая, другая – не. З якой пачаць?

З добрай. Днямі да нас у рэдакцыю трапілі фотаздымкі, дзе маладыя людзі прыбіраюць смецце на адным з пляжаў нашай Прыпяці. Маладыя хлопцы не змаглі цярпець пакінуты папярэднімі адпачывальнікамі бруд. Годны ўчынак, ці не так?

Адным  – апладысменты, іншым – ганьба!

Дрэнная. Нядаўна ў адной з сацыяльных сетак з’явіліся фотаздымкі, дзе на пляцоўцы дзеці лушчаць семечкі, а лушпайкі кідаюць прама пад ногі, на спецыяльнае ахоўнае ад удараў пакрыццё. Дзіцячая пляцоўка, як ніяк. На чалавека, які сфатаграфаваў нявыхаваных дзяцей і выгрузіў здымкі ў інтэрнэт, пасыпаліся зласлівыя каментарыі ў стылі: якое права вы маеце фатаграфаваць чужых дзяцей, гэта незаконна, паспрабуйце спачатку сваіх дзяцей выхаваць.

Адным  – апладысменты, іншым – ганьба! Адным  – апладысменты, іншым – ганьба!

І маё самае любімае. Цытую: “І прычым тут бацькі? Зараз іншае пакаленне, іншыя дзеці, і бацькі не вінаватыя ў тым, што яны такое робяць. Бацькам бегаць за імі, або выгульваць іх на павадку, ці што?”

Уяўляеце, так! Але ж менавіта бацькі вінаватыя ў тым, якімі растуць іх дзеці. Яны нясуць адказнасць за сваіх дзяцей і іх учынкі. Вельмі дзіўна пра гэта наогул гаварыць у наш час. Гэта рэчы, якія самі сабой зразумелыя.

Законна выгружаць фотаздымкі, на якіх дзеці здзяйсняюць адміністрацыйнае правапарушэнне ці не – вырашаць не мне. Не буду ўдавацца ў правамернасць дадзенага пытання, а вось што датычыць маральнасці – так. Лічу, што трэба!
Трэба для таго, каб многія бацькі ўбачылі, якія на самой справе іх дзеці. Трэба, каб зразумелі, што грамадства падобныя дзеянні не падтрымлівае. Трэба, таму што гэта наша краіна, наш горад, наша дзіцячая пляцоўка. І калі так рабіць з кожным кутком гэтага раёна, то праз некалькі гадоў усе двары ператворацца ў звалкі.

Аднойчы мне настаўніца выказала адну цікавую думку: “Ведаеш, Наталля, не настаўнікі ў школе галоўныя, а прыбіральшчыкі. Калі настаўнікі не выйдуць на працу, нічога крымінальнага на працягу некалькіх дзён не здарыцца. А вось калі не выйдуць на працу прыбіральшчыкі – ужо праз некалькі гадзін школа напоўніцца смеццем, будзе мець пэўны пах. Таму што паток людзей, які праходзіць за тры-чатыры гадзіны па калідоры, пакідае пасля сябе шмат пылу і бруду”.

Тэма ўборкі смецця пасля сябе – актуальная тэма. Дома, калі ласка, стварайце, што хочаце. Але ёсць пэўныя нормы паводзін, дапу-шчальныя ў грамадстве. Каб потым не вінаваціць ЖКГ у тым, што смецце дзесьці не прыбіраюць, задумайцеся: а ці так “чыста” вы паводзіце сябе за межамі свайго дома? А вашыя дзеці?
А яшчэ памятайце, што з 1 студзеня 2020 года выкіданне смецця па-за ўрнамі, кантэйнерамі і іншымі месцамі часовага захоўвання адходаў караецца штрафам у памеры ад 135 да 1 350 беларускіх рублёў.

Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о