Днямі мы завіталі ў музей Капаткевіцкай сярэдняй школы і пацікавіліся новымі праектамі і вынікамі даследаванняў аматараў краязнаўства ў Год малой радзімы. Адзначым, што работа тут вядзецца на належным узроўні, пра што мы абавязкова напішам у бліжэйшых нумарах раёнкі. Ну а пакуль пазнаёмім вас з адным дакументам, які вельмі змястоўна дэманструе рэаліі не самых шчаслівых часоў нашай гісторыі.

Адна папера – дзве гісторыі

На старым бланку чырвонымі чарніламі напісаны прозвішчы асабістага саставу падраздзялення. Гэта радавыя і сяржанты, стралкі і снайперы. Дакумент, відавочна, адносіцца да часоў вайны. Чаму менавіта да гадоў ліхалецця? Пра гэта падказваюць надпісы сінімі чарніламі на чыстых частках аркуша і па-над чырвонымі радкамі. Почырк тут не такі дробны і зусім не ўпэўнены. Літары ідуць у разлёт, маюць розны нахіл і рытміку, нібы пісаў вучань. Ды і хто яшчэ мог рашаць арыфметычныя задачкі пра авечак ды яблыкі з грушамі?!

Вось так і навучаліся ў часы, калі вайна пакінула родныя вёскі. Калі не хапала харчоў, абутку, калі родныя хаты былі ўзарваныя ці спаленыя. Тады не марылі пра паперу – трэба было літаральна выжываць. Але людзі ўсведамлялі неабходнасць навучання. Вось і збіралі ўсё, што трымала на сваёй паверхні чарніла: старыя паперы, бяросту, невялічкія кавалкі тканіны.

Гэты сціплы аркуш, парваны з аднаго боку, здаецца найдаражэйшым за мноства дакументаў. Гэта не стракатая грамата з каляровага шчыльнага кардону, тут няма прыгожых завіткоў каліграфічнага пісьма. Але, за плошчай крыху болей за далонь, куды больш гісторыі, нямала гераізму і бясконцая сімвалічнасць у імкненні да лепшага, годнага і шчаслівага жыцця.

Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о