Субота, 14 сакавіка. Яшчэ зранку прыемнае сонечнае святло змянілася моцным парывістым ветрам. Заслона хмар, што імкліва зацягвала неба, паказвала, што міласці ад прыроды ў бліжэйшы час чакаць не варта. Такое надвор’е – не дзіва для сакавіка, але мы ўжо звыкліся з цёплай і прыемнай вясною. Шкада было нават не самога факта непагадзі, а таго, што прыпала яна як раз на дзень першага матча на адноўленым стадыёне “Прыпяць”.

Адкрылі футбольны сезон прыемным сюрпрызам

Даўно Петрыкаў не ведаў вялікага футбола. А тут яшчэ і новы ўзровень: гомельскі “Лакаматыў” скончыў мінулы сезон першай лігі ў статусе фаварытаў, “Шахцёр-2” знаходзіцца ў статусе “чорнага коніка”: каманда новая, гульнявой практыкі пакуль не мае. Па гэтай прычыне знаўцы беларускага футбола прадказвалі, што для “Шахцёра” матч будзе нялёгкі, бо нават з фармальнага пункту гледжання на поле выходзяць каманды розных дывізіёнаў. Але становішча “андэрдога” адначасова і моцны бок “Шахцёра-2” – ніхто з сапернікаў не ведае, чаго чакаць ад новай дружыны, як будаваць сваю гульню, на якія “слабыя кропкі” ціснуць.

Напачатку матча абедзьве каманды выглядалі адносна роўна. Да сярэдзіны тайма “шахцёры” замацаваліся на палове гамяльчан, але “Лакаматыў” час ад часу адказваў выхадамі да брамы сапернікаў. У выніку націск гаспадароў даў свой плён – на 24 хвіліне абаронца чыгуначнікаў парушыў правілы ў сваёй штрафной. Суддзя паказаў на 11-мятровы, а наш зямляк, ураджэнец Капаткевічаў, паўабаронца Уладзімір Харламаў упэўнена яго рэалізаваў.

Госці ж з такім лікам гульні былі не згодныя і ўжо праз 8 хвілін, скарыстаўшыся мітуснёй перад варотамі “шахцёраў”, нападаючы Дзяніс Казлоўскі забіў у адказ. Гульня перайшла бліжэй да цэнтра поля і апошні дзясятак хвілін была адносна роўнай.

Пасля перапынку футбалісты прытрымліваліся стрыманай стратэгіі. Больш за 20 хвілін мяч знаходзіўся ў цэнтры, атакі былі нешматлікімі. Урэшце “Шахцёр-2” здолеў замацавацца ў штрафной пляцоўцы гасцей. Некалькі вуглавых запар, памылка ў абароне – і паўабаронца “Шахцёра-2” Алім Макаеў прынёс у вароты “Лакаматыва” другі мяч на 78 хвіліне. Пасля гэтага гаспадары нібы супакоіліся, а намаганні гамяльчан так і не далі плёну. З лікам 2:1 “Шахцёр-2” святкаваў перамогу.

Наперадзе яшчэ некалькі таварыскіх матчаў і сезон у другой лізе, дзе “Шахцёр-2” затрымлівацца не плануе. Час усё паставіць на свае месцы, а мы бу-дзем назіраць і інфармаваць вас, паважаныя чытачы, пра выступленне новай “мясцовай” каманды, тым больш што заўзятары прынялі “жоўта-чорных” даволі цёпла.

Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о