Каля трох гадоў таму пачаў сваю дзейнасць дэпутацкі корпус Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання. Ці атрымалася выканаць абяцанні перадвыбарчай праграмы, дапамагчы сваёй акрузе, спыталі мы ў дэпутата Палаты прадстаўнікоў Ірыны Мікалаеўны КРАЛЕВІЧ.

– Ірына Мікалаеўна, у час перадвыбарчай кампаніі вы гаварылі пра неабходнасць узмацнення сацыяльнай падтрымкі моладзі і пажылых людзей, звярталі ўвагу на недасканаласць пенсійнага заканадаўства, на праблемы з пітным водазабеспячэннем і іншае. Што можна сказаць нашым чытачам сёння?
– Мне прыемна адзначыць, што большасць з пазначаных пытанняў вырашаны ці ў стадыі рашэння. У прыватнасці, нормы новай рэдакцыі Закона “Аб дзяржаўных дапамогах сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей” дазваляюць узмацніць сацыяльную падтрымку маладых сем’яў, павысіць памер асобных дапамог і павялічыць колькасць грамадзян, якія маюць права іх атрымліваць.
Дзякуючы папраўкам, унесеным у Закон “Аб сацыяльным абслугоўванні”, стала прасцей працэдура размяшчэння дзяржаўнага сацыяльнага заказу, пашыраны магчымасці ў аказанні дапамогі людзям, якія знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.
З улікам напрацаванай практыкі прымянення змянілася і пенсійнае заканадаўства. У тым ліку і ў частцы прызначэння працоўнай пенсіі па ўзросце. Пры наяўнасці пэўнага страхавога стажу прызначаецца працоўная пенсія катэгорыям грамадзян, якія доўгі час ажыццяўлялі догляд інвалідаў I групы або састарэлых, што дасягнулі 80-гадовага ўзросту, ці маюць патрэбу па заключэнні ўрачэбна-кансультацыйнай камісіі ў пастаянным доглядзе. Таксама працоўная пенсія прызначаецца тым, хто ажыццяўляў іншую сацыяльна значную дзейнасць, і з гэтай прычыны не змог выпрацаваць неабходны мінімальны страхавы стаж, а таксама асобам, якія не менш за 10 гадоў праходзілі ваенную службу і не набылі права на пенсію.
Прыняты і Закон па пытаннях пітнога водазабеспячэння, які садзейнічае актывізацыі інвестыцыйнага працэсу ў гэтай сферы, забеспячэнню эканамічнага стымулявання дзейнасці суб’ектаў гаспадарання ў ёй і стварэнню асновы для далейшага ўстойлівага развіцця водагаспадарчых сістэм, узмацненню кантролю за якасцю і бяспекай пітной вады. Акрамя таго, унесеныя змены і дапаўненні ў Закон “Аб абароне правоў спажыўцоў” удакладняюць правы спажыўца, у тым ліку ў частцы прад’яўлення патрабаванняў па вяртанні грашовых сродкаў і іншых кампенсацый. У дакумент таксама ўключаны нормы, накіраваныя на ўзмацненне адказнасці перад спажыўцом за якасць і бяспеку тавараў, на ўдасканаленне адносін пры вяртанні спажыўцом набытага тавару з выяўленымі недахопамі.

– Вы гаварылі пра тое, што ў малых гарадах і населеных пунктах вельмі важна стымуляваць дзелавую актыўнасць і ініцыятыву, у тым ліку моладзі, каб раёны развіваліся. Што зроблена заканадаўцамі ў гэтым напрамку?
– У першую чаргу варта сказаць, што для індывідуальных прадпрымальнікаў і прадпрыемстваў, якія працуюць у сельскай мясцовасці і ў малых гарадах у сферы гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання, спрасцілі правілы вядзення бізнесу. Змены прадугледжаныя ўказам Прэзідэнта № 345 “Аб развіцці гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання” ад 22 верасня 2017 года.
Парламентарыямі завершана работа па комплекснай карэкціроўцы Падатковага кодэкса, галоўнай мэтай якой было ўдасканаленне адміністравання падатковай сістэмы, спрашчэнне парадку вылічэння і выплаты падаткаў і, вядома, зніжэнне падатковай нагрузкі. Кодэкс ужо ўступіў у сілу, гэта дакумент прамога дзеяння, ніякіх падзаконных актаў не спатрэбіцца. Да прыкладу, новая рэдакцыя Падатковага кодэкса прама вызначае магчымасць прымянення сялянскай (фермерскай) гаспадаркай ільготы па зямельным падатку. Арганізацыям з агульнай сістэмай падаткаабкладання будзе выгадней набываць ці будаваць нерухомасць і абсталяванне, так як памер інвестыцыйнага выліку павялічваецца. Уведзены паніжаныя стаўкі па падатку на прыбытак па дывідэндах для бізнесу і многія іншыя нормы, якія спрыяюць развіццю прадпрымальніцкай ініцыятывы. У сваю чаргу, новаўвядзенні па падатковым адміністраванні дазваляюць спрасціць сістэму падліку і выплаты падаткаў, спрыяюць апераджэнню парушэнняў і падтрымцы добрасумленных падаткаплацельшчыкаў.
Цяпер вядзецца актыўная заканадаўчая работа па павышэнні інвестыцыйнай прывабнасці раёнаў, спрашчэнні ўмоў вядзення бізнесу, стварэнні дадатковых механізмаў абароны інтарэсаў інвестара. Можна гаварыць пра тое, што ўмовы створаны, застаецца толькі жаданне і актыўная праца.

– Ірына Мікалаеўна, Вы з’яўляецеся членам Пастаяннай камісіі па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і чарнобыльскай катастрофы. Раскажыце пра дзейнасць камісіі, ці звярталіся да Вас выбаршчыкі за дапамогай у рамках дзейнасці камісіі?
– За гэты час зроблена нямала, падрыхтаваны шэраг законапраектаў, якія ўжо працуюць. Да прыкладу, уступілі ў сілу абноўленыя законы “Аб асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях”, “Аб дзяржаўнай экалагічнай экспертызе, стратэгічнай экалагічнай ацэнцы і ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе”, “Аб раслінным свеце” а таксама Лясны кодэкс Рэспублікі Беларусь. Сёння мы працуем над падрыхтоўкай змяненняў у законы аб пажарнай бяспецы, аб прававым рэжыме тэрыторый, пацярпелых ад чарнобыльскай і іншых радыяцыйных аварый.
Адказваючы на другую частку пытання адразу адзначу, што садзейнічаць заканадаўчаму вырашэнню праблем прадпрыемстваў і арганізацый, размешчаных на тэрыторыі выбарчай акругі, з’яўляецца адной з прыярытэтных задач кожнага дэпутата. У заканадаўчым плане я выканала просьбу Жыткавіцкага райвыканкама аб унясенні змяненняў у Закон Рэспублікі Беларусь “Аб раслінным свеце» для палягчэння эканамічнай дзейнасці ААТ Рыбгас “Чырвоная Зорка” і даследчага рыбгаса “Белае”. У прыватнасці, у абноўленым Законе адменены кампенсацыйныя мерапрыемствы і выплаты пры выдаленні аб’ектаў расліннага свету пры правядзенні работ па рэканструкцыі, эксплуатацыі ці абслугоўванні меліярацыйных сістэм і асобна размешчаных гідратэхнічных збудаванняў.
Разам з тым, асобныя прапановы выбаршчыкаў аб унясенні паправак у дзеючае заканадаўства рэалізаваць не ўдалося. Гэта пытанні аб увядзенні прававога статусу на льготы для ўдзельнікаў ваенна-стратэгічнай аперацыі на тэрыторыі Чэхаславакіі ў 1968 годзе, а таксама статусу “Дзеці вайны”. Абгрунтаваныя адказы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны і Міністэрства абароны накіраваны зваротчыкам.

– Калі ласка, ледзь падрабязней пра тую работу, што Вы праводзілі са сваімі выбаршчыкамі: аб сустрэчах, прыёмах і зваротах.
– Неад’емнай часткай дзейнасці кожнага дэпутата з’яўляецца работа з насельніцтвам, у працэсе якой мы бачым праблемы заканадаўчага і прыватнага характару і спрабуем іх вырашаць. Іншымі словамі, многія пытанні ўзнікаюць і вырашаюцца дзякуючы зваротнай сувязі, у аснове якой ляжыць работа з канкрэтнымі людзьмі і працоўнымі калектывамі. Пытанні і прапановы паступаюць ад грамадзян пісьмова, па тэлефоне, у ходзе асабістага прыёму. Як правіла, прыёмы грамадзян я планую з наведваннем сельскіх Саветаў. Пытанні розныя: ад перспектыў развіцця краіны да ўстанаўлення лаўкі каля будынку сельскага клуба. Рашэнні па гэтых пытаннях прымаюцца аператыўна, прычым большасць зваротаў вырашаны станоўча, некаторыя яшчэ на кантролі. Асобныя просьбы не былі выкананы з прычыны супярэчнасці іх нарматыўна-заканадаўчай базе альбо адсутнасці фінансавання. Але тое, што ні адна просьба не пакінутая без увагі, гэта несумненна. І тут я хачу выказаць словы шчырай удзячнасці нашым людзям за той давер, які мне аказалі, за актыўную грамадзянскую пазіцыю і канструктыўныя прапановы па развіцці нашай акругі, паляпшэнні жыцця яе жыхароў, ўдасканаленні заканадаўства. Хачу верыць, што я вас не падвяла.
Лічу сваім прыемным абавязкам падзякаваць кіраўніцтву раёнаў, усім тым, з кім разам працуем і вырашаем праблемы, за разуменне і падтрымку. Бо менавіта ад працы са зваротамі грамадзян залежыць давер людзей, а гэта самае дарагое ў адносінах да дэпутата, кіраўніка, улады ў цэлым.

– Дзякуй, Ірына Мікалаеўна! Думаю, што з расказанага Вамі нашы чытачы больш даведаліся пра дзейнасць дэпутатаў. Дзякуй Вам за цікавую гутарку і плённай дзейнасці на карысць людзей і нашага роднага краю.

Падрыхтавала
Алена БРУЦКАЯ.
Фота аўтара.

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о