Давер апраўданы. Менавіта такой ацэнкі заслугоўвае дзейнасць савета Петрыкаўскай раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў, што і пацвердзіла справаздачна-выбарная канферэнцыя савета ветэранаў, якая адбылася на мінулым тыдні.

У рабоце 8-й Петрыкаўскай раённай справаздачна-выбарнай канферэнцыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў прынялі ўдзел старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Наўныка, намеснік старшыні Святлана Сянько, члены савета ветэранаў, прадстаўнікі раённых грамадскіх аб’яднанняў.

На 1 студзеня 2021 года ў раёне пражывае 9662 пенсіянеры. З іх 7337 з’яўляюцца ветэранамі працы і аб’яднаны ў 24 пярвічныя ветэранскія арганізацыі. Арганізацыя ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны налічвае 8 членаў, ветэранаў Узброеных Сіл – 35, вязняў канцэнтрацыйных лагераў – 174, воінаў-інтэрнацыяналістаў – 73 чалавекі.

Ад вынікаў да новых задач

Са справаздачай аб рабоце раённага савета ветэранаў выступіў намеснік старшыні савета ветэранаў Валерый Макееў, які падрабязна спыніўся на пытаннях, што вырашаліся ў раёне пры непасрэдным удзеле членаў раённай арганізацыі ветэранаў.
Заслухаўшы і абмеркаваўшы справаздачны даклад, удзельнікі канферэнцыі адзначылі, што намаганні раённага савета ветэранаў, пярвічных ветэранскіх арганізацый былі накіраваны на выкананне рашэнняў абласной і раённай канферэнцыі. Так, у справаздачным перыядзе, з 22 лютага 2016 года па 18 лютага 2021 года, асноўная ўвага ўсіх узроўняў была накіравана на сацыяльную абарону людзей сталага ўзросту, работу з моладдзю, выхаваннем яе ў лепшых традыцыях патрыятызму, перадачы баявых і працоўных традыцый, высокіх маральных каштоўнасцяў старэйшага пакалення, культурна-асветніцкай і інфармацыйнай рабоце.

Падводзячы вынікі работы за справаздачны перыяд, Валерый Міхайлавіч адзначыў актыўную работу старшынь пярвічных ветэранскіх арганізацый – Аляксея Каюкалы, Марыі Малашчанка, Васілія Харланава, Уладзіміра Паторскага, Валянціны Бухтарэвіч, Раісы Варыцкай, Міхаіла Цвірко, Леаніда Алехніка, Людмілы Шыраевай, Тамары Гузавай – за пастаянны клопат пра ветэранаў, сувязь з раённым саветам, цесны кантакт з сельвыканкамамі, школамі і арганізацыямі. Асобыя словы па-дзякі прагучалі на адрас былога старшыні Міхаіла Соймы, які ўзначальваў савет ветэранаў 12 гадоў.
– Усе члены савета ветэранаў – людзі з актыўнай жыццёвай і грамадзянскай пазіцыяй, што заяўляюць пра сябе ініцыятывамі і канкрэтнымі справамі – таму і раённая арганізацыя ветэранаў рэальна дзеючая, – адзначыў у сваім выступленні Аляксандр Наўныка. – Па вашай ініцыятыве і пры непасрэдным удзеле ўвекавечана памяць удзельнікаў партызанскага руху на Петрыкаўшчыне ў гады Вялікай Айчыннай вайны і ўсталявана інфармацыйныя дошка на будынку Бабуніцкай школы, а таксама памятны знак у Муляраўцы ў гонар подзвігу воінаў-пагранічнікаў.
Сапраўды, савет ветэранаў знаходзіцца на вастрыі ўсіх падзей як грамадска-палітычнага характару, так і сацыяльна-эканамічнага, прымаючы актыўны ўдзел у рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі.
На яго рахунку ўдзел у выбарных кампаніях, у рэспубліканскіх акцыях “За Беларусь!”, “Я – грамадзянін Беларусі”, розных мерапрыемствах да Дня Перамогі, свята Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і іншых рэспубліканскіх, прафесійных свят і памятных дат. І гэта далёка не ўсё. Трэба адзначыць, што праца гэтая праводзіцца ў цесным кантакце з упраўленнямі і аддзеламі райвыканкама, раённымі грамадскімі арганізацыямі, сельвыканкамамі.
У цэлым праца раённай арганізацыі за апошнія пяць гадоў была прызнана здавальняючай.

Ад вынікаў да новых задач
На канферэнцыі вызначылі задачы на бліжэйшыя пяць гадоў. Праца будзе праводзіцца адпаведна прыярытэтным напрамкам, пазначаным у праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2021-2025 гады. Асаблівая ўвага будзе нададзена мерапрыемствам, прысвечаным Году народнага адзінства, а таксама 80-годдзю пачатку Вялікай Айчыннай вайны.
У час мерапрыемства Граматамі і лістамі Падзякі былі ўзнагароджаны лепшыя прадстаўнікі арганізацыі: Уладзімір Паторскі, Аляксей Каюкала, Галіна Мяшкова, Мікалай Жукоўскі, Зоя Быхоўская, Валянціна Бухтарэвіч, Васілій Харланаў, Раіса Варыцкая, Раіса Будзіловіч, Тамара Дубік і Міхаіл Рудаўскі.
Паколькі канферэнцыя насіла справаздачна-выбарны характар, быў выбраны раённы савет арганізацыі ў складзе 37 чалавек, кантрольна-рэвізійная камісія, прэзідыум раённай арганізацыі. Старшынёй Петрыкаўскай раённай арганізацыі ветэранаў аднагалосна выбраны Уладзімір Жукавец. Дэлегатамі на абласную канферэнцыю выбраны Святлана Сянько і Уладзімір Жукавец.
Старшыня райвыканкама Аляксандр Наўныка падзякаваў членам раённай ветэранскай арганізацыі за работу, выказаўшы пры гэтым упэўненасць, што і надалей дзейнасць ветэранаў будзе такой жа актыўнай і выніковай.

Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о