Святлана Пятрова нарадзілася ў Пскоўскай вобласці ў сям’і лесаводаў. Пазней бацька змяніў галіну дзейнасці – перайшоў на службу ў рады МУС, прымаў удзел у ваенным канфлікце ў Чачні.

Пасля заканчэння школы Святлана Сцяпанаўна паступіла ў тэхнікум, дзе набыла спецыяльнасць бухгалтара. Пазней скончыла ўніверсітэт у Цвярской вобласці. Адпрацавала дзесяць гадоў у падатковай інспекцыі.

Там, у Расіі, стварыла сям’ю, нарадзіла першую дачку Марыю.

Неяк улетку наведаліся на малую радзіму бацькі – на Петрыкаўшчыну, у вёску Капцэвічы, да бабулі Марыі Мялешка. Потым яшчэ раз завіталі. І вырашыла сям’я Пятровых перабрацца ў Беларусь.

Набылі дом, пабудавалі лазню з ацыліндраванага бруса, пакрысе пачалі абжывацца. Вось ужо дванаццаць гадоў сям’я пражывае ў Капцэвічах. Тут нарадзіліся Настасся і Сафія. Муж Святланы Сцяпанаўны – Юрый Міхайлавіч будаўнік, на заработкі ездзіць у Расію.

Ад вязання і карзінак да справы цырульніка

Старэйшая дачка Марыя набывае завочна спецыяльнасць агранома ў сельскагаспадарчай акадэміі ў Вялікіх Луках, там жа працуе афіцыянткай у рэстаране. Дзевятнаццацігадовая дзяўчына даволі самастойная.

Святлана Сцяпанаўна на Петрыкаўшчыне шукала сябе працяглы час. Спачатку ўладкавалася начальнікам паштовага аддзялення ў Брынёў. Дабірацца было нязручна, таму выпала нават паспытаць працу прыбіральшчыцы ў Капцэвіцкім доме-інтэрнаце для псіханеўралагічных хворых. Не сорамна было з вышэйшай адукацыяй мыць падлогу, бо трэба было мець хоць якое месца працы і заработак.

Вось ужо два гады, як жанчына працуе сацыяльным работнікам.

Чатырнаццаць падапечных абслугоўвае Святлана Сцяпанаўна ў Капцэвічах, сярод якіх ёсць і сямейныя пары. Ёсць і тыя, каму насамрэч няма да каго звярнуцца за дапамогай, бо пражываюць удалечыні ад дзяцей, а тое і ўвогуле дзяцей не маюць. Сваім пазітывам і бадзёрасцю зараджае жанчына састарэлых людзей.

Святлана Пятрова надзвычай актыўная жанчына і шматгранны, творчы чалавек: і спявае, і танчыць, і рукадзельнічае, і ўдасканальвае справу цырульніка.

Мне запомнілася Святлана Сцяпанаўна сярод удзельніц раённага конкурса прафесійнага майстэрства сацыяльных работнікаў, які праводзіўся на сцэне раённага Дома культуры напрыканцы мінулага года. Менавіта на ім жанчына выступала са сваімі дочкамі, скарыла журы сваёй абаяльнасцю і заваявала пачэснае другое месца.

Творчыя і яе дачушкі. Так, Насця захапляецца лепкай і ў раённым творчым конкурсе заняла другую прыступку за вылепленага “выратавальніка”.

Ад вязання і карзінак да справы цырульніка

– Я пачала займацца творчасцю, калі знаходзілася ў дэкрэтным адпачынку, – распавяла Святлана Сцяпанаўна. – Так склалася, што спачатку была па доглядзе за Насцяй, потым – за Сафіяй. Трэбы было нечым займацца. Вось і ўзялася за вязанне дзіцячых пінетак, шапачак, кофтачак.

Потым паспрабавала рабіць заколкі. З атласных стужак сталі атрымлівацца неблагія пано, карціны. Са скручанай у трубачкі паперы, якія апрацоўваю клеем ПВА і фарбую, нарабіла шматлікіх скрынак, карзін, падставак для алоўнікаў, дэкаратыўных птушак. Такая карзіна даволі трывалася: з ёй я наведваю храм у Вялікдзень, накладваю туды ўсялякай ежы для асвячэння.

Шмат было работ, але параздавала іх у дзіцячы сад, школу, сябрам і знаёмым. Калі сур’ёзна рыхтавацца да конкурсу альбо ўдзелу ў выставе-продажы, то гэта загадзя трэба адкласці ўсе справы і ўзяцца за творчасць.

Цяпер часу малавата, бо мы з мужам выкупілі на аўкцыёне за адну базавую велічыню будынак былога сельсавета ў Капцэвічах, зрабілі рамонт, прыбудову да тых 100 квадратных метраў. Я адкрыла прадпрымальніцтва і займаюся ў выхадныя дні там цырульніцкай справай, аказаннем рытуальных паслуг і паслуг ксеракопіі. Акрамя гэтага мае абавязкі сацыяльнага работніка засталіся таксама. Таму творчасць адыйшла пакуль на другі план.

Усё ж люблю займацца рукадзеллем, асвойваць новыя тэхнікі і жанры дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Усё гэта цікава для мяне і выклікае захапленне і задавальненне.

Неяк звярталася ў мясцовую школу і Дом культуры з прапановай весці гурток рукадзелля для дзяцей, але мне адмовілі, бо нават паловы стаўкі на гэта няма.

Што ж, мяркую, было б жаданне, а навучыцца цяпер можна чаму заўгодна. Ёсць Інтэрнэт, усялякія анлайн майстар-класы. Так што спрабуйце і ўсё атрымаецца!

– Дзякуй, Святлана Сцяпанаўна! Прыемна, што Вы паспяхова ператвараеце свае ініцыятывы ў жыццё. Поспехаў і пабольш кліентаў Вам! Развівайцеся і атрымлівайце ад гэтага духоўную і матэрыяльную карысць!

Інга ГІЛЕНКА. Фота аўтара і з архіва Святланы Пятровай.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о