Петрыкаўскае рудаўпраўленне ААТ “Беларуськалій” напрыканцы мінулага тыдня прымала эстафету агню, прысвечаную 105-годдзю Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел генеральны дырэктар прамысловага гіганта Беларусі Андрэй Рыбакоў, дэкан факультэта горнай справы і інжынернай экалогіі БНТУ Андрэй Калагрыўка, дырэктар Петрыкаўскага РУ Юрый Пятроўскі, выкладчыкі і студэнты БНТУ. Да важнай падзеі ў гонар 105-годдзя альма-матар сталі датычныя студэнты факультэта горнай справы і інжынернай экалогіі – ад першакурсніка да выпускніка – з ліку ўраджэнцаў раёна, што зрабіла дадзенае мерапрыемства знакавым і запамінальным для яго ўдзельнікаў.
Сімвалічны юбілейны агонь БНТУ быў перададзены калійшчыкам у шахце Петрыкаўскага рудаўпраўлення на глібіні 500 метраў.
Эстафету прынялі генеральны дырэктар прадпрыемства Андрэй Рыбакоў, намеснік генеральнага дырэктара па ідэалагічнай рабоце і персаналу Ігар Дзялендзік, дырэктар Петрыкаўскага РУ Юрый Пятроўскі.
Для студэнтаў і выкладчыкаў факультэта горнай справы і інжынернай экалогіі была арганізавана экскурсія, падчас якой гасцям прадэманстравалі работу ачышчальнага камбайна, праходчыцкага комплексу.
Дырэктар Петрыкаўскага рудаўпраўлення Юрый Пятроўскі распавёў пра спецыфіку работы, вытворчыя паказчыкі, планы, перспектывы развіцця і сацыяльныя гарантыі для работнікаў самага маладога і перспектыўнага рудаўпраўлення ААТ “Беларуськалій”. Кіраўнік выказаў гатоўнасць прыняць на работу і стварыць годныя ўмовы працы для студэнтаў-выпускнікоў БНТУ.
Мерапрыемства, па словах дэкана факультэта горнай справы і інжынернай экалогіі Андрэя Калагрыўкі, увасабляе непарыўную сувязь ВНУ – кузні кадраў і флагмана калійнай прамысловасці:
– Падобны фармат сустрэчы – жывы, практыкаарыентаваны, з магчымасцю атрымаць адказы на ўсе хвалюючыя і цікавячыя пытанні – цудоўная магчымасць для патэнцыяльных маладых спецыялістаў “прыгледзецца” да прадпрыемства і пры размеркаванні зрабіць правільны выбар.
Удзельнікі эстафеты агню, прысвечанай 105-годдзю Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, пра выбар прафесіі і гатоўнасць далучыцца да сям’і шахцёраў.

Марыя Шкурганава, выпускніца ДУА “Гімназія г. Петрыкава”, студэнтка 4 курса:
– З моманту праходжання практыкі на Петрыкаўскім РУ прайшло некалькі месяцаў і я, шчыра кажучы, сумавала па шахце. З задавальненнем прыняла ўдзел у мерапрыемстве па перадачы агню, пазнаёмілася бліжэй з кіраўніцтвам РУ і даведалася шмат цікавай інфармацыі пра сваё будучае месца працы. Так, па завяршэнні вучобы я планую размеркавацца на Петрыкаўскі руднік.
Іван Верамееў, выпускнік ДУА “Сярэдняя школа №1 г. Петрыкава”, студэнт 5 курса:
– Прыемна і пачэсна быць часткай знакавага мерапрыемства, арганізаванага нашым факультэтам з нагоды 105-гадовага юбілею ўніверсітэта. Ведаеце, гады вучобы толькі ўмацавалі маю ўпэўненасць, што з выбарам навучальнай установы я не памыліўся. На Петрыкаўскім РУ я неаднаразова падчас вучобы праходзіў вытворчую практыку, таму з нюансамі будучай прафесіі знаёмы не толькі тэарэтычна. Я не з’яўляюся мэтавікам, аднак па завяршэнні вучобы планую размеркавацца менавіта сюды.
Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.






Оставить комментарий