Трынаццаць устаноў адукацыі Гомельшчыны ўдзельнічаюць у ініцыятыве “Кавун і яго сябры”, якая праводзіцца ў рамках праекта “EU4Youth: “Школьны сад” для развіцця сельскагаспадарчага прадпрымальніцтва” пры фінансаванні Еўрапейскага саюза і рэалізаваным грамадскай арганізацыяй “Беларускі зялёны крыж”. Эксперымент па сортавывучэнні падыходзіць да завяршэння і хутка наступіць час падвядзення вынікаў.

На вучэбна-даследчым участку Бабуніцкай сярэдняй школы, дзе сфарміраваны прафарыентацыйныя класы па спецыяльнасці “агранамія”, былі высаджаны 80 каліў расады кавуноў сартоў “Топ-Ган”, “Раманза” і “Бедуін”, папярэдне прарошчаныя і падгадованыя юнымі эколагамі цэнтра.
Кіраўнік эксперымента Надзея Слабадзянюк расказала, што для рэалізацыі ініцыятывы былі прадастаўлены неабходныя метадычныя матэрыялы. Насенне часткова было галандскім. А ўкрыўны матэрыял, тарфяны грунт, емістасці для рассады, угнаенні — беларускіх вытворцаў. На пачатковым этапе юныя эксперыментатары ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі вучыліся рыхтаваць глебавую сумесь, рабілі пробы грунту для аналізу, сеялі насенне і назіралі за ўсходамі. Далей рассада была перададзена ў Бабуніцкую школу, дзе на той час былі падрыхтаваны зямельныя ўчасткі.
Працоўнымі атрадамі, якія фарміраваліся на базе Бабуніцкай школы ўсе тры летнія месяцы, кіравала настаўнік абслугоўваючай працы Марына Кудравец пры непасрэдным удзеле дырэктара школы Уладзіміра Герасіменкі.

Ад даследавання да прафесіі
— Навучэнцы разбівалі схемы ўчастка, уносілі ўгнаенні, высаджвалі рассаду, хавалі яе ад холаду, палолі і палівалі, — расказаў Уладзімір Геарсіменка. — Усе іх назіранні фіксаваліся ў дзённіках даследчых работ. Дзеці асвойвалі навыкі карыснай працы, вывучалі агратэхніку вырошчвання культуры. Фіксіравалі флажкамі кожную кветку і завязь. З задавальненнем сачылі за ростам сваіх гадаванцаў.
Цяпер, калі эксперымент падыходзіць да завяршэння, можна зрабіць папярэднія вывады. Пра іх расказала Марына Кудравец:
— Выспелі і набралі добрую вагу 48 пладоў. Прычым 30 з іх — ад 5 і больш кілаграмаў. Найбольш ураджайным і вынослівым ў нашых умовах аказаўся сорт “Топ-Ган”, які даў самыя буйныя кавуны. Цяпер плануем прадставіць вынікі свайго эксперыменту на раённай педагагічнай канферэнцыі напярэдадні новага навучальнага года. Атрыманай прадукцыі мы пачастуем усіх навучэнцаў нашай школы.

Ад даследавання да прафесіі
Надзея Слабадзянюк таксама расказала, што агульнае кіраўніцтва ініцыятывай на Гомельшчыне здзяйсняў абласны экалагічны цэнтр. Тут і будуць апрацаваны вынікі эксперыменту з усіх 13 устаноў адукацыі вобласці. Затым 24 жніўня ў Лаеве адбудзецца свята “Дзень Кавуна і яго сяброў”, арганізаванае пры падтрымцы Лоеўскага райвыканкама, куды запрашаюцца ўсе каманды-эксперыментатары з прадукцыяй, вырашчанай ў час рэалізацыі ініцыятывы, і ўсе жадаючыя. Продаж кавуноў, пазнавальныя экскурсіі, выступленні творчых калектываў, тэатральныя пастаноўкі, дэгустацыі, узнагароджанні і многае іншае будзе прапанавана ўдзельнікам свята.
У прадстаўніцтве грамадскай арганізацыі “Беларускі зялёны крыж” паведамілі, што падобныя эксперыменты будуць прапанаваны ўстановам адукацыі і ў наступныя гады. Такім чынам, школы і ўстановы дадатковай адукацыі стануць цэнтрамі распаўсюджання ведаў пра сучаныя бяспечныя агратэхналогіі, новыя прадукцыйныя гатункі і віды сельгаскультур. А веды і навыкі, якія дзеці атрымаюць дзякуючы ўдзелу ў праектах, спатрэбяцца ім у будучыні. Магчыма, нехта з іх, атрымаўшы вопыт паспяховай працы на зямлі, застанецца ў роднай вёсцы і арганізуе там сельскагаспадарчую вытворчасць.

Алена БРУЦКАЯ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о