Не ведаю, як хто, шаноўныя землякі, а я за экалогію! Прычым, на ўсіх франтах. І найперш на эканамічным.

Вунь беларускія аўтамабілебудаўнікі выпусцілі ўзорны экземпляр свайго электрамабіля. Ну як свайго… Умоўна, але ж на нашай зямлі падганялі ў большасці нашыя балты з гайкамі, нашы людзі і механізмы круцілі. Кажуць, што магутнасць рухавіка электрамабіля бліз 80 конскіх сіл, а максімальная хуткасць у час іспытаў  была  110 кіламетраў у гадзіну.

Генеральны дырэктар Аб’яднанага інстытута машынабудавання НАН Сяргей Паддубка расказаў, што аўтамабіль першым чынам мяркуецца эксплуатаваць у гарадскіх умовах. Эксперыментальны ўзор створаны на базе Geely SC7 беларускай зборкі. Зараз перад айчыннымі аўтамабілебудаўнікамі пастаўлена задача асвоіць вытворчасць батарэй.

 Прыемная навіна, і я гатовы хоць заўтра памяняць свой дызельны “Сітраён” на родны “Джылі” з электрабакам. І свет выратую наступным пакаленням, што ў неба капціць перастану, і трасцы гэтым таўстасумам замежным, што нафтавымі кампаніямі валодаюць. Ды і электраэнергіі хутка сваёй будзе ўдосталь, мо, нават, таннай.

Дарэчы, днямі СМІ паведамілі, што Германія ўслед за Францыяй, Вялікабрытаніяй і Індыяй мяркуе ўвесці забарону на выпуск новых аўтамабіляў на дызельным паліве, і гэта звязана першым чынам з выкідамі ў атмасферу.

Я за экалогію… І за рацыянальны падыход да яе гэтаксама. Стаяў пад нашым шматкватэрным домам адмысловы кантэйнер для збору ПЭТ-бутэлькі. За тыдзень, калі – два, жыхары нашага і суседняга дамоў напівалі ліманаду з мінералкай, сяды-тады і алеем акурат пад крышку скрынкі. І ўсім добра: нам, што не трэба далёка хадзіць, каб у памкненні да паасобнага збору адходаў выносіць пластык – ідзеш з абеду, то і кінуў бутэлечку; ды і камунальнай гаспадарцы, мусіць жа, таксама дарэчы было – і ў плане выканання задання па нарыхтоўцы другаснай сыравіны, і ў тым сэнсе, што не трэба затым брыгадзе сартавальнікаў адбіраць на палігоне гэтую сотню бутэлек у процьме іншага смецця.

Але, відаць, у такім жа шчырым памкненні да навакольнай прыгажосці ці яшчэ якой ліхаматары кантэйнер, які, у прынцыпе, абсалютна нікому не замінаў, стаяў сабе ў кутку паблізу дваровай аўтастаянкі, прыбралі. Цяпер жонка ў кладоўцы, дзе спраўнай бабе і прысесці цяжкавата, копіць ПЭТ-бутэльку, каб вывезці затым поўны пакет, а адную ж бутэльчыну знарок не панясеш за 200-300 метраў. Аб’ектыўна.

Я за экалогію … і за эканомію. Нават за такую, як у Запарож’і, дзе адна сям’я 20 гадоў будавала дом з бутэлек з-пад шампанскага. Паведамляецца, што першым і асноўным фактарам была менавіта эканомія, бо цэгла, маўляў, каштавала дорага. Такім чынам, 6 тысяч бутэлек, што пры горшых абставінах маглі б атабарыцца на сметніках, сталі часткай сцен чатырохпавярховага прыгожага лецішча.

1

Я за экалогію. Шчыра. Таму ў нашай кампаніі сяброў, радні і добрых знаёмых прыбіраюць смецце пасля сябе. Таму і вы, шаноўныя і не вельмі сябры, хто адпачыў гэтак на беразе Прыпяці (на здымку), не бярыце грэх на душу –  прыбярыце за сабой. Зямля, як і вада, валодае добрай памяццю. Не злуйце яе!

З верай у чалавецтва, Пятро ШАДУРА.

Фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о