Адзін з прыгажэйшых гарадоў Беларусі, жамчужына прыпяцкага Палесся –
горад Мазыр – у мінулыя выхадныя стаў пляцоўкай правядзення
абласнога свята “Дажынкі”.

Ранейшае па часе правядзення свята і стаўка на спрыяльнае вераснёўскае надвор’е апраўдалі сябе: Мазыр сустрэў гасцей сонцам, прыгожымі кветнікамі і першым, ледзь улоўным подыхам восені – каляровым лісцем у парках і скверах, якіх у горадзе над Прыпяццю безліч.

Новым у формаце правядзення абласнога свята аграрыяў стаў парад працаўнікоў-перадавікоў і дэлегацый раёнаў. Госці свята дружнай калонай прайшлі па цэнтральнай вуліцы горада і сабраліся на плошчы Леніна, дзе адбылося ўрачыстае адкрыццё “Дажынак”. З прывітальным словам да герояў і гасцей свята звярнуўся губернатар вобласці Генадзій Салавей:

– Ваша свята самае добрае і цёплае з усіх існуючых у календары, таму што “Хлеб на стале – мір на зямлі”. Гэтая мудрая выснова заўсёды служыла вяскоўцам і ўсім, хто мае дачыненне да хлеба надзённага, запаветным арыенцірам ва ўсіх справах.
Ад усёй душы жадаю, каб асяроддзе, у якім вы працуеце, станавілася для вас усё больш камфортнымі, каб умовы працы былі лепшымі з магчымых, каб прылады працы былі сучаснымі, спраўнымі і адказвалі ўсім патрабаванням бяспекі.
Няхай растуць аб’ёмы вытворчасці, будзе шчодрым ураджай, прадказальным надвор’е!

З самай раніцы ў цэнтры горада, на плошчы Леніна, разгарнулі сваю работу разнастайныя выставы і гандлёвыя рады. Традыцыйная для “Дажынак” выстава сельскагаспадарчай тэхнікі карысталася попытам сярод аграрыяў і гасцей – наведаць яе імкнуліся многія, таму колькасць людзей там заўсёды была ўнушальная.
Наведаў павільёны з выстаўленай тэхнікай і губернатар вобласці, які даў наступную ацэнку ўбачанаму на выставе:

– Нам трэба больш актыўна заяўляць пра сябе – паказаць і прапанаваць ёсць што!
Тут жа здзіўляў багаццем фарбаў і пахаў гарадок падворкаў, які стаў прадстаўнічай пляцоўкай рэгіёнаў Гомельшчыны. Самабытна абсталяваныя, яны прыцягвалі і віталі гасцей прыемным водарам пачастункаў. Сапраўднай аздобай падворкаў сталі музычныя калектывы, якія дарылі гасцям народныя песні, вясёлую музыку, жарты, што не змаўкалі да ключавога моманту свята – узнагароджання перадавікоў сельскагаспадарчай сферы. Урачыстасць адбылася ў гарадскім Палацы культуры. Там жа размясцілася і выстава-дэгустацыя гандлёвых прадпрыемстваў Гомельскай вобласці.
Ва ўрачыстай абстаноўцы на сцэне гарадскога Палаца культуры прайшло ўзнагароджанне галоўных герояў аграфэсту – сёлетніх лідараў жніва. Старшыня аблвыканкама Генадзій Салавей, прымаючы сімвалічны каравай вобласці, адзначыў:
– Хлеб – найважнейшая каштоўнасць, сімвал нашага з вамі дабрабыту. Менавіта таму ў Беларусі “Дажынкі” ад-значаюць з такім размахам. У гэтым годзе эстафету абласнога свята прымае адзін з найпрыгажэйшых гарадоў краіны – Мазыр. За апошнія два гады беларуская Швейцарыя непазнавальна змянілася: адрамантаваны будынкі, абноўлены фасады, добраўпарадкаваны вуліцы.
Што да працы хлебароба, то яна па праву лічыцца адной з самых складаных. Тым больш у Гомельскай вобласці, якая па сваіх кліматычных умовах з’яўляецца зонай рызыкоўнага земляробства.

Губернатар падкрэсліў, што ў гэтым годзе вобласці ўдалося намалаціць на траціну больш, чым летась, збожжавых і зернебабовых без уліку кукурузы – усяго за 915 тысяч тон. Гэта 132% да ўзроўню 2019 года. Прыбаўка ўраджаю збожжавага кліна адбылася за кошт інтэнсіфікацыі вытворчасці, ураджайнасць вырасла на 5,4 цэнтнера з гектара і склала 27,3 цэнтнера з гектара.
Выступіў перад перадавікамі і памочнік Прэзідэнта – інспектар па Гомельскай вобласці Юрый Шулейка, які зачытаў прывітальны адрас Прэзідэнта працаўнікам вёскі рэгіёну.

Абласны каравай –  сёлетні гонар аграрыяўІ вось, нарэшце, былі названыя лідары “Дажынак”. Пераможцам абласнога спаборніцтва за дасягненне найвышэйшых вынікаў па вытворчасці збожжавых і зернебабовых культур і эфектыўнасці сельскагаспадарчай вытворчасці прызнаны Жлобінскі раён. Тут тэмп росту валавога збору да сярэдняга ўзроўню папярэдніх трох гадоў склаў 130%. Лідарам сярод сельскагаспадарчых арганізацый па вытворчасці збожжа стала КСУП “Эксперыментальная база “Крынічная” Мазырскага раёна. Пасля гучных апладысментаў у адрас пераможцаў абласнога спаборніцтва на сцэну запрасілі тых, хто вызначыўся ў сваёй справе. Ганаровыя граматы і падзякі, у тым ліку ад Адміністрацыі Прэзідэнта, уручылі спецыялістам, якія дасягнулі высокіх паказчыкаў у палях. Што да дэлегацыі нашага раёна, то Падзяку ад Прэзідэнта краіны і нагрудны знак за шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм і асабісты ўклад у развіццё аграпрамысловага комплексу атрымаў дырэктар СУП “Палессе-Аграінвест” Міхаіл Капінскі. Сертыфікат ад аблвыканкама на атрыманне прэс-падборшчыка “ПРФ-180” атрымалі кіраўнікі гаспадарак ААТ “Навасёлкі”, КСУП “Імя Ульянава”, РСУП “Агра-Ляскавічы”. ААТ “Петрыкаўскі аграсэрвіс” за супрацоўніцтва і падтрымку аграпрамысловага комплексу раёна атрымаў сертыфікат на размеркавальнік па ўнясенні мінеральных угнаенняў “МТТ-4У”
Так, менавіта дзякуючы намаганням працавітых, улюбёных у сваю справу людзей, праца аграрнага сектара застаецца стабільнай і паспяховай.
Увечары герояў жніва і гасцей горада чакала насычаная культурная праграма. Да позняга на цэнтральнай пляцоўцы артысты радавалі ўсіх прысутных сваімі выступленнямі. Да таго, жадаючыя змаглі атрымаць асалоду ад таленавітай гульні акцёраў Мазырскага драматычнага тэатра імя Івана Мележа.
Кульмінацыяй урачыстасці ў гонар лепшых аграрыяў вобласці стаў святочны салют.

Галіна КАЗАК, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о