Прафесію для Маі Ягур з Колак некалі выбралі яе бацькі. З дзяцінства дзяўчына мела прыгожы голас. Таму і вырашылі, што адукацыю трэба ёй атрымліваць у Магілёўскім культасветвучылішчы. Вучоба давалася лёгка, педагогі прапанавалі падрыхтаваць яе ў хор Дрынеўскага. Але Мая Міхайлаўна не гатовая была ў сямнаццаць гадоў прысвяціць сябе народным песням, марыла пра эстраду.

Аб’яднаныя энергіяй песні
Размеркаваць яе павінны былі ў Рагачоў. А дзяўчыне хацелася дадому, у родныя Колкі. У васемнаццаць гадоў яна стала тут дырэктарам клуба. Выйшла замуж і працаваць па вечарах стала нязручна. Пасля першага дэкрэтнага адпачынку паспрабавала працаваць у дзіцячым садзе, пасля другога – на жывёлаводчым комплексе. Ды толькі творчасць клікала да сябе. Нарэшце згадзілася са шматлікімі запрашэннямі вярнуцца былога мастацкага кіраўніка Тамары Івашкевіч і дырэктара СДК Мікалая Глушко.
– Здаецца, дваццаць адзін год тут прайшоў, як адзін дзень, – пачынае расказ пра любімую працу мастацкі кіраўнік. – Быць работнікам культуры ў вёсцы складана. Тым больш, калі моладзі і дзяцей становіцца менш. Самі людзі ў Дом культуры, у самадзейнасць, не пойдуць, іх трэба паклікаць, зацікавіць, заахвоціць. А магчыма гэта толькі шчырымі адносінамі, цікавымі прапановамі, стабільнасцю.
Цяпер Мая Ягур акрамя асноўнай работы кіруе танцавальным самадзейным калектывам. Праўда, назву яму ніяк не падбяруць. Танцавальныя нумары сталі выдатным дапаўненнем да канцэртных праграм, якія мясцовыя артысты прапануюць сваім землякам і жыхарам вёсак, куды выязджаюць з канцэртамі. Неаднойчы ўдзячныя гледачы адзначалі адметнасць і арыгінальнасць праграм калектыву. Мая Міхайлаўна ўзяла за прынцып да кожнага канцэрту рыхтаваць новыя праграмы. А гэта патрабуе пастаяннага пошуку, напружаных рэпетыцый. Разам з музычным кіраўніком Валянцінай Малюковай у іх атрымліваецца трымаць тэмп і перадаваць яго іншым.
– Мы імкнемся ў вакальных нумарах выкарыстоўваць двухгалоссе, – дзеліцца сакрэтамі Мая Ягур. – Найперш упор робім на сябе. Наш дуэт з Валянцінай Міхайлаўнай неаднойчы запрашалі на раённыя мерапрыемствы. Яна – адораны і адказны чалавек. З ёй лёгка працаваць. Дзякуючы менавіта нашаму музычнаму кіраўніку мы маем многія паспехі.
Праблемай сучасных самадзейных калектываў Мая Міхайлаўна лічыць недахоп моладзі. Асабліва для сельскіх устаноў культуры. Аднак пазначае, што яе калектыў у параўнанні з іншымі самадзейнымі аб’яднаннямі раёна, малады. Узрост артыстаў ад 45 да 55 гадоў. Ёсць і старажыл іх самадзейнасці – Ніна Максімчык. Але нягледзячы на гэта яна надзвычайна старанная, адказная і рухавая.
Касцяк калектыву складаюць яго вакалісты Надзея Дравяка, Валянціна Андрыюк і Надзея Мышкавец. Выдатныя галасы і жаданне здзіўляць сваіх гледачоў трымае жанчын у пастаянным пошуку ідэй, кампазіцый, спосабаў падачы нумароў. Іна Каваленя, мясцовы фельчар, нягледзячы на сваю загружанасць на працы, не прамінае ні адной рэпетыцыі і сваім голасам дадае шарму і асаблівага гучання харавым кампазіцыям.
Пяць гадоў таму ў вёску пераехала былы педагог Людміла Аборнік. І адразу прыйшла ў калектыў. Сваімі артыстычнымі здольнасцямі, манерай чытання вершаваных твораў яна нярэдка прымушае гледачоў плакаць на канцэртах.
Вольга Удод і Святлана Андрыюк працуюць у дзіцячым садзе – людзі, звыклыя быць у пастаянным пошуку. Іх ідэі, асаблівы артыстызм і творчы падыход да справы дапамагаюць ствараць цікавыя і насычаныя праграмы. Ніна Рэўка раней кіравала дзіцячым танцавальным калектывам, а цяпер дапамагае ў пастаноўцы танцаў для іх самадзейнага калектыву.
– Дзяцей цяпер у школе мала, – адзначае Мая Міхайлаўна. – Але мы дапамагаем усім жадаючым знайсці ў сабе таленты. Частымі артыстамі ў нашых праграмах бываюць школьніцы Віка Акульчык, Ксенія Бялько, Віталіна Гаравец і многія іншыя. Ды і гледачоў становіцца менш. Праўда, мы заўважылі, што на нашы канцэрты ў Колках прыходзяць намнога больш гледачоў, чым на выступленні прыезджых артыстаў. І тое становіцца для нас стымулам. Значыць, паважаюць нас як артыстаў, цікавяцца нашай творчасцю. У такім выпадку мы не маем права іх падвесці. Мы з’яднаныя агульным інтарэсам, разумеем, што толькі разам можам працаваць плённа. Таму кожная артыстка не дазваляе сабе без важкай прычыны прапусціць рэпетыцыю, асабліва перад паездкай на канцэрт. Тады і мы з Валянцінай Малюшковай ужо не лічымся з выхаднымі днямі і адпрацаваным часам. Галоўнае – вынік.
Напрыканцы сёлетняй вясны Мая Міхайлаўна адзначыла сваё 55-годдзе. Блізкі час, калі трэба падвесці вынікі працоўнае дзейнасці. Але гэта жанчына адкладвае на пасля. Кажа, што не можа ўявіць ні дня, калі не трэба будзе планаваць працоўны дзень, распрацоўваць элементы праграмы, рыхтаваць касцюмы ці інвентар для выступлення. Няхай час заслужанага адпачынку пачакае. Занадта многа ідэй і энергіі ў гэтай жанчыны.

Алена БРУЦКАЯ.
Фот аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о