Петрыкаўскі “Шахцёр” пераадолеў першую палову чэмпіянату другой лігі і распачаў другую частку групавога этапа. Адбылося гэта з тэрмінам у два тыдні, праз якія “Шахцёр” згуляў два такія розныя матчы на родным стадыёне: 11-га ліпеня супраць “Асіповічаў” і 25-га, калі ў апанентах быў смалявіцкі “СМІаўтатранс”.

Шахцёр – Асіповічы

У суботу, 11-га, да “Шахцёра” ў госці завіталі “Асіповічы”. Перад матчам сапернік ішоў на трэцім месцы ў турнірнай табліцы, на два ачкі адстаючы ад “Шахцёра”.
Час пачатку гульні выклікаў пытанні: гуляць летам, а 14-й гадзіне – сапраўднае выпрабаванне. Футбалістаў сустрэлі пякучае сонца, гарачы сінтэтычны газон і тэмпература паветра каля 30 градусаў. Гэта быў якраз той выпадак, калі проста знаходзіцца на вуліцы складана і часам небяспечна. Што казаць пра ігракоў, якія павінны былі дэманстраваць хуткасць, спрыт і дабівацца выніку.

Мінуўшы экватар, прышлі да перамогі
Аляксей Хадневіч святкуе рэкорд у 128 забітых мячоў. За ўсю гісторыю другой лігі столькі не забіваў ніхто!

У самым пачатку гульні наша каманда правяла некалькі атак, але да небяспекі каля варот гасцей не дайшло. Даволі перспектыўны штрафны падаў Віталь Ганіч, але першым мяч падабраў асіповіцкі варатар. У час гэтага стандарта два футбалісты петрыкаўскага “Шахцёра” невыпадкова апынуліся на газоне – з апекай у абароне перастараліся асіповіцкія футбалісты, але злога намеру арбітр сустрэчы Яўген Навумаў у такіх дзеяннях не ўбачыў.

А пенальці ўсё ж адбыўся. На 15-й хвіліне абаронца “Асіповічаў” парушыў правілы ў сваёй штрафной на Віталію Ганічу. Мяч на кропку паставіў штатны пенальціст “Шахцёра” Аляксей Хадневіч. Першы ўдар варатар адбіў, але суддзя заўважыў, што галкіпер пакінуў лінію варот раней, чым Хадневіч здзейсніў удар – парушэнне. Другая спроба ў Аляксея атрымалася лепш: мяч трапіў у сетку.
У матчы ў гаспадароў атрымлівалася далёка не ўсё. Былі праходы да штрафной саперніка, але на гэтым усё і завяршалася, не хапала апошняй перадачы на абвастрэнне атакі.

У “Асіповічаў” атрымлівалася больш, і свае моманты яны здолелі перавесці ў забіты мяч напачатку другога тайма, на 48-й хвіліне. Забілі з пенальці: у сваёй штрафной саперніка затрымаў рукамі Кірыл Гетманчук, за што атрымаў чырвоную картку і быў выдалены.

Праз няпоўныя дваццаць хвілін у бок варатара “Шахцёра” Аляксея Станкевіча суддзя назначыў яшчэ адзін пенальці, “чырвонае святло” перад сабой убачыў Мо-січаў. Другі 11-метровы запар рэалізаваў Аляксандр Емяльянаў, а наша каманда была вымушана гуляць канцоўку матча без двух футбалістаў. Некалькі атак зладзіць атрымалася, але адыграцца “Шахцёр” так і не здолеў.
“Гэта наш прамы канкурэнт, трошкі ўскладнілі сабе жыццё. Але нічога, наперадзе другі круг, усе будуць губляць ачкі. Наша задача – не рабіць такіх памылак і ісці наперад”, – адзначыў пасля нападаючы Аляксей Хадневіч.
Каманда часова спусцілася на трэцюю прыступку турнірнай табліцы. Забягаючы наперад, зазначым – ненадоўга.

Шахцёр-Петрыкаў – СМІаўтатранс

Праз два тыдні пасля візіту гасцей з Асіповічаў на петрыкаўскую зямлю ўпершыню ступіў “СМІаўтатранс” – каманда са Смалявічаў. З ёй, дарэчы, “Шахцёр” ужо гуляў свой дэбютны матч у другой лізе. Тады наша каманда забіла ў вароты саперніка тры мячы, не атрымаўшы ў адказ аніводнага.

Відаць, высновы пасля гульні супраць “Асіповічаў” былі зробленыя плённыя. Матч запланавалі на 17:00, а значыць, высокае сонца бар’ерам стаць не магло. Надвор’е, якое суправаджала матч, увогуле выпала даволі футбольнае. Замінала “Шахцёру” дыскваліфікацыя – у гэтым матчы прыходзілася абысціся без двух асноўных ігракоў: паўабаронцаў Кірыла Гетманчука і Аляксея Мосічава. Аднак гэта, як аказалася, на перашкодзіла петрыкаўскай дружыне пачаць матч з моцнай пазіцыі.
Атакаваць хлопцы ў жоўтым пачалі адразу. Спачатку сапернік спраўляўся, але ж на 19-й хвіліне абарона “СМІаўтатранса” пахіснулася. Пасля прастрэла абаронцы Кірыла Цэвана з правага фланга мяч у пусты вугал накіраваў Хадневіч, тым самым зрабіўшы чарговы крок да бамбар-дзірскага рэкорду. Аўтарства другога гола, які быў забіты ўсяго праз чатыры хвіліны, таксама за гэтым нападаючым. Трэцяга мяча ў варотах футбалістаў са Смалявічаў чакаць таксама доўга не давялося: на 30-й хвіліне Арцём Целепаў галавой замкнуў падачу Уладзіміра Харланава са штрафнога і адкрыў лік сваім галам за клуб. А ўжо праз два абароты секунднай стрэлкі абаронца саперніка ў сваё штрафной парушыў правілы. Да мяча падыйшоў Аляксей Кашэўскі і ўпэўнена рэалізаваў пенальці. На 37-й хвіліне Аляксей Хадневіч забіў гістарычны гол. Чаму? Патлумачым крыху пазней.


Святкаванне гола – цэлая культура. Традыцыйна футбалісты ўздымаюць рукі ў пераможным жэсце, іншыя імітуюць палёт над полем, а самыя спрытныя выконваюць складаныя сальта ці кульбіт. Некаторыя бамбардзіры танчаць, але здараюцца і сапраўдныя пантамімы, што ўтрымліваюць нейкія паведамленні. Мы не ведаем, што дакладна хацеў сказаць нам Ігар Казакоў, але па жэстах мяркуем, што ён паведамляў: запомні і распавядзі пра гэтую хвіліну, гэты гол.


Другі тайм атрымаўся менш насычаным на падзеі. На 58-й падачу з вуглавога замкнуў (хто б вы думалі?) Хадневіч. На 64-й добра прарваўся ў штрафную Ігар Казакоў, што забіў мяч і выканаў крэатыўнае святкаванне. Хлопец падбег да камеры і спачатку выцягнуў руку перад сабою, нібыта дэманструючы час на наручным гадзінніку. Другой жа рукой ён імітаваў размову па тэлефоне.
У апошнія дзесяць хвілін адзначыцца атрымалася і ў “СМІаўтатранса”. Забіў навічок каманды Рубін. Так і скончылі – разгромнай перамогай петрыкаўскага “Шахцёра” з лікам 7:1.

Дык чаму ж трэці гол Хадневіча быў такім важным? Гэтым забітым мячом Аляксей зрабіў сябе лепшым галеадорам другой лігі за ўсю яе гісторыю. Пасля матчу на яго рахунку стала 128 галоў, на два больш за іграка, што знахо-дзіцца зараз на другім месцы. Вопытны нападаючы прызнаў прыемны момант, але ж не паставіў асабісты поспех вышэй каманднага: “Рэкорды на тое і існуюць, каб іх пераадольвалі. І я ўпэўнены, што мне таксама нядоўга спачываць на лаўрах. У гэтай лізе хапае добрых ігракоў, выдатных бамбардзіраў. Важней тое, што мы выйгралі сёння. У нас была такая непрыемная статыстыка: два паражэнні запар. Прыемна, што мы перапынілі гэтую серыю, выйгралі. Паказалі, думаю, нядрэнную гульню”, – сказаў Аляксей.

Пасля сустрэчы “Шахцёр” вярнуўся на другі радок турнірнай табліцы, “Асіповічы” апусціліся на чацвёртае месца, а ў тройку ўварваліся “Горкі” – клуб, матч з якім будзе наступным для нашай каманды. 1 жніўня “Шахцёр” павінен быў згуляць з “Вікторыяй” (Мар’іна Горка), але праз запыт Пухавіцкага райвыканкама ў Федэрацыю футбола гэты матч перанеслі на 12 жніўня.
Такім чынам, 8-га жніўня нас чакае напружаная гульня з “Горкамі” на петрыкаўскім стадыёне “Прыпяць”.

Ілья ШЭЛЕГ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о