6 студзеня фінансавая служба Беларусі адзначыла 100 гадоў з дня ўтварэння. За гады сваёй багатай гісторыі штаб фінансавай сістэмы называўся па-рознаму. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі тэрыторыя Беларусі стала плацдармам складаных палітычных і ваенных канфліктаў, выкліканых нямецкай і польскай акупацыяй.
1 студзеня 1919 года на 1 з’ездзе Кампартыі бальшавікоў Беларусі быў утвораны часовы рабоча-сялянскі ўрад. Літаральна праз тыдзень сваёй пастановай гэты ўрад зацвердзіў камісарыят фінансаў.

6 студзеня фінансавая служба Беларусі адзначыла 100 гадоў з дня ўтварэння

У снежні 1921 года па рашэнні 2-га Усебеларускага з’езда Саветаў камісарыят фінансаў быў перайменаваны ў Народны камісарыят фінансаў Беларускай ССР. У яго структуры – сакратарыят, каштарысна-разліковае ўпраўленне і аддзел прамых падаткаў. У калегію Наркамфіна ўваходзілі народны камісар і яго намеснік, кіраўнікі падраздзяленняў, а таксама прадстаўнікі іншых фінансавых устаноў. У павятовых выканкамах былі створаны фінансавыя аддзелы.
Першы бюджэт БССР быў прыняты ў 1921 годзе. У сярэдзіне-канцы 20-х гадоў падымаліся многія пытанні, якія захоўваюць актуальнасць і сёння. Гаворка, у прыватнасці, ідзе аб празрыстасці бюджэту, яго рэальнасці і абгрунтаванасці, эфектыўнасці.

Гэтымі напрамкамі з самага пачатку свайго існавання кіруецца і наш фінансавы аддзел райвыканкама, якім ужо 10 гадоў кіруе Аляксандра Янчанкава.
Як адзначыла Аляксандра Міхайлаўна, адказнасць і прафесіяналізм уласцівы ўсім работнікам фінансавага аддзела. Больш за 20 гадоў працуюць у гэтай сістэме намеснік начальніка фінансавага аддзела Наталля Багінская, галоўны эканаміст па бюджэце Людміла Прыкота, начальнік аддзела па даходах Валянціна Скакоўская.
Нямала добрых водгукаў выказала Аляксандра Янчанкава і ў адрас маладых фінансістаў – эканамістаў Ірыны Палтаран і Вікторыі Міхеевай.
Працоўны поспех, як адзначыла Аляксандра Міхайлаўна, залежыць ад каманднага выніку. А каманда фінансістаў выдатная і добрасумленна працягвае працоўныя традыцыі былога начальніка фінансавага аддзела Таццяны Дзечка, якая 33 гады аддала рабоце з фінансамі раёна, а таксама былога намесніка начальніка Наталлі Чырыч.
Што датычыць вынікаў работы за мінулы год, дык падводзіць іх яшчэ рана. Аднак ужо можна сказаць, што аддзел блізкі да выканання даведзенага плана.
Асноўнымі даходнымі крыніцамі летась сталі падаходны падатак, а таксама падатак з пры-бытку. Гэтыя сродкі былі накіраваны на тое, каб фінансісты своечасова і ў поўным аб’ёме вырашалі пытанні з выплатай заработнай платы, а таксама закрыць разлікі за энерганосьбіты без крэдыторскай запазычанасці. Работу планавалі так, каб не дапусціць крэдыторскай запазычанасці і закрыць пытанні першачарговай значнасці.
У 2019 годзе фінансісты раёна плануюць атрымаць 16,5 мільёна рублёў уласных даходаў, у структуры якіх прадугледжаны 88,8% падатковых даходаў і 11,2% непадатковых. За кошт паступленняў дзвюх асноўных крыніц – падаходнага падатку і падатку на дабаўленую вартасць – будзе атрымана 58,2% даходнай часткі бюджэту раёна, якая будзе сфарміравана за кошт уласных крыніц на 27,8%, астатнія 72,2% – бязвыплатныя паступленні з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў.
Расходы запланаваны ў суме 61,1 мільёна рублёў. Бюджэт, як і летась, захавае сваю сацыяльную накіраванасць. Удзельная вага галін сацыяльнай сферы ў расходах бюджэту складзе 72,1%, ахова здароўя зойме ў агульных расходах 21,7%, адукацыя – 39,4%, жыллёва-камунальная гаспадарка – 17,3%.
Аляксандра Янчанкава з аптымізмам глядзіць у фінансавую будучыню раёна. Таму будзем спадзявацца, што ўсе даведзеныя заданні сёлета аддзелам будуць выкананы.

Дзмітрый БЯЛЬКО.
Фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о