Міжнародны дзень бармэна адзначаецца штогод з 2008 года 6 лютага. Дата свята прымеркавана да дня ўшанавання Рымска-каталіцкай царквой памяці святога Аманда – заступніка рэстаратараў, півавараў, вінаробаў, бармэнаў.

Напярэдадні свята мы сустрэліся з бармэнам петрыкаўскага “RELAX CAFE” Уладзіславам Парэцкім. Хлопец распавёў пра выбар прафесіі, культуру піцця спіртных напояў і пра тое, што бармэн сёння – гэта яшчэ і псіхолаг.

6 лютага – міжнародны дзень бармэна

– Бармэн ў перакладзе з ангельскай – “чалавек за барнай стойкай”, – пачаў размову Уладзіслаў. – У сучасных умовах гэта яшчэ і псіхолаг, кліентам час ад часу патрэбна проста выказацца… пра неўзаемнае каханне, здраду, няўдачы на працы. І, ведаеце, такіх размоў вельмі шмат. Тут, галоўнае, не страціць сябе.

Скончыў у Мінску каледж па спецыяльнасці “Тэхнік-механік”, але не працаваў па ёй ніводнага дня. Яшчэ ў час вучобы паралельна працаваў афіцыянтам, але мне захацелася чагосьці большага. Падышоў да начальства з прапановай перавесці вышэй. Так я цалкам сышоў у “бармэнства”, агульны стаж на сёння складае 6 гадоў.
Разліваючы кактэйлі ў адным са сталічных кафэ, пазнаёміўся з дзяўчынай, якая аказалася родам з Петрыкава. Закахаўся. Праз год мы пажаніліся і вось я тут, у вашым горадзе. У яе адпрацоўка, а ў мяне – спакой.
Люблю цішыню. Тут няма такога патоку людзей, як у Мінску, да працы можна дабрацца за пяць хвілін. А ўлетку наогул прыгажосць – некалькі крокаў і ты на пляжы, смажыш шашлык.
Тое, што ў горадзе адкрылася кафэ, – для мяне вялікі поспех. Праца па душы – гэта крута. Так, 70% насельніцтва мяне ўжо ведаюць. Некаторыя вітаюцца на вуліцы, а я нават не ведаю імя чалавека.

6 лютага – міжнародны дзень бармэна
Што тычыцца культуры распіцця алкаголю, то пакуль гэта праблема. Трэба разумець, што для рознага спіртнога ёсць свой посуд. І назвы гэтага посуду даволі спецыфічныя. Як мінімум дзіўна выглядае, калі дзяўчына просіць памяняць кубак на іншы, таму што ён не спадабаўся ёй.
І яшчэ алкаголь лепш нюхаць не носам. Трэба спіртное падняць да носа, але ўдыхнуць ротам. І тады пах будзе мякчэй і значна цікавей.
Ёсць такая “фішка” з напоем віскі: калі ў яго дадаць 10 мілілітраў кіпеню, то раскрываецца ўвесь густ. Аднойчы такі варыянт здзейсніў, кліент не зразумеў і застаўся незадаволены. Адзін мужчына нават не дачакаўся і выпіў Б-52, які падпальваецца, без саломкі. У выніку страціў вусы. Нават націск на словы лАтэ або бАрмэн можна было б вывучыць. Віно сапраўды трэба падаваць астуджаным, белае – 10-12 градусаў, 16-18 градусаў у чырвонага віна.
Адзін раз мне нават выказалі прэтэнзію, што я падмяшаў замест каньяку – колу, але асабіста ў мяне вельмі добрая памяць. Нават механічна бармэн-прафесіянал такое зрабіць не можа. Водгукі маюць важнае значэнне, бо рэпутацыя для бармэна – яго твар.
Не саромцеся задаваць пытанні, прасіць прапановы ў бармэна наконт тых жа кактэйляў. Для гэтага мы і працуем, каб кожны атрымаў асалоду.

Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ,
фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о