У суботу ў раённым Доме культуры прайшоў конкурс “Маладая сям’я Петрыкаўшчыны”. Расказаць пра сябе са сцэны ў гэты дзень прыехалі тры сям’і – з Мышанкі, Ляскавічаў і Капаткевічаў.

Прэзентацыя маладых сем’яў пачалася яшчэ з фае РДК, дзе канкурсанты ў фотаздымках, творчых работах, узнагародах расказалі пра захапленні сям’і, будні, якія праходзяць у згодзе і момантах радасці.

Пра сына-мастака расказвалі ў час самапрэзентацыі Георгій і Святлана Шатырыны з Капаткевічаў. Малюнкі гадавалага Цімафея былі ці не самым галоўным творам на іх выставе. Іх аздаблялі шматлікія ўзнагароды бацькі – майстра спорту па армрэслінгу і цяжкай атлетыцы і маці – прызнанага нават на абласным узроўні краязнаўцы. Святлана, цяпер студэнтка Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта, мае публікацыю ва ўніверсітэцкім зборніку “Актуальныя праблемы філалогіі”.

Моцныя згодай Моцныя згодай

Галоўнай тэмай выставы сям’і Герасіменкаў з Мышанкі стала творчасць іх матулі Яўгеніі. Здаецца, усемагчымыя тэхнікі рукадзелля прапанавала яна тут. Прычым, усе вырабы маюць практычнае прымяненне ў быце. Нямала тут і зробленых ёю цацак – з такімі іх дзецям Юліяне і Даміру цяплей і ўтульней. А каб жанчыне на ўсё гэта хапала часу, патрэбна адна маленькая акалічнасць – працавіты і клапатлівы муж. Адчуваецца, што галава сям’і Максім менавіта такі, а таксама майстар вык-лікаць прыхільнасць да сябе, які з захапленнем расказвае пра моманты іх сямейнага жыцця.

У поўным саставе прыбыла на конкурс сям’я Шамрыленкаў з Ляскавічаў – бацькі Максім і Настасся і іх дзеці Дарына і Дзіма. У сваёй прэзентацыі яны зрабілі акцэнт на сямейныя каштоўнасці, не прамінуўшы ўдала аздобіць іх народным каларытам. Сямейныя фотаздымкі красамоўна расказвалі пра цеплыню адносін, радасць сумеснага адпачынку. А шматлікія плеценыя вырабы – пра творчую натуру матулі.
Другі і трэці этапы конкурснай праграмы прайшлі на сцэне, дзе творчасці і артыстызму было праз край. Стала зразумела, што адным з моцных бакоў мужчын-канкурсантаў у тым ліку былі іх харэаграфічныя здольнасці. У адным з конкурсаў Георгій Шатырын выйшаў на сцэну з гірай – асілак. А Святлана чытала вершы сваёй матулі. Максім Герасіменка стаў галоўным акцёрам, а хутчэй за ўсё і рэжысёрам выдатнай тэатралізацыі пра сваю сям’ю. Шамрыленкі запрасілі для ўдзелу ў творчым конкурсе і бабулю – трыа ўнучка-дачка-бабуля парадавала гледачоў вакальным нумарам.

Нешматлікасць канкурсантаў рабіла задачу журы не вельмі складанай – узнагароды была вартая кожная сям’я. Прыз у намінацыі “Самая дружная сям’я” ад раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” заваявала сям’я Герасіменка з Мышанкі. Таксама яны былі ўзнагароджаны дыпломам ІІ ступені конкурсу.
Дыпломам ІІІ ступені была ганаравана самая спяваючая і патрыятычная сям’я Шамрыленкаў з Ляскавічаў.

Пераможцамі конкурсу сталі Георгій і Святлана Шатырыны. Іх маленькі сын Цімафей не быў удзельнікам выступлення, бо малому ідзе другі гадок. Але прадстаўляць наш раён у абласным конкурсе ён абавязкова будзе.

Алена БРУЦКАЯ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о