Вядома, што цяжкая праца яшчэ нікога не зрабіла здаровым, не надала бадзёрасці і маладосці. Жыць у вёсцы, трымаць вялікую гаспадарку, выхоўваць дзяцей, потым займацца ўнукамі – усё гэта звычайная справа для любой гаспадыні. І ўсё ж кожная жанчына марыць быць прывабнай, энергічнай, не адставаць ад імклівага жыцця і навінак моды. Такія мы…

УЛЮБЁНАЯ Ў ЖЫЦЦЁЛюдміле Чычкайла з аграгарадка Камаровічы жыццёвыя абставіны заўсёды надавалі стымул трымаць сябе ў добрай форме, не падаць духам. Працавітасці Людмілы Аляксееўны зайздросцяць вяскоўцы. Яе за гэта нават некалі і муж выбраў, Віктар Іванавіч. Людміла Аляксееўна прызнаецца, што быў дзень, калі яна з маці капала бульбу, не прысела нават, а Віктар Іванавіч назіраў за ёй і сказаў: “Усё, мая будзе!”.
Тыдзень праводзіў дадому пасля танцаў, потым Людміла паехала да сястры ў Маскву. Калі вярнулася, то сяброўкі адразу паведамілі: маўляў, ні з кім не прагульваўся твой Віктар, цябе чакаў.
Хутка стварылі сям’ю. Нарадзілі і выхавалі сыноў. Так сталася, што трэцім дзіцям была ў іх пляменніца і адначасова хрэсніца, якую з васьмі месяцаў і да пяці гадкоў выхоўвалі як сваю. Яна і цяпер едзе сюды, дадому. Выйшла замуж, пражывае ў Шатландыі. Хутка зноў прыедзе пагасціць.
Сыны Людмілы Аляксееўны і Віктара Іванавіча пражываюць у сталіцы. У Івана і Васіля свае сем’і. Радуюць бабулю з дзядулем чацвёра ўнукаў. Дарэчы, Сашку і Васілісу нарадзілі нявесткі два гады таму з розніцай у тры дні. Вось дык падарунак быў!
Людміла Чычкайла дваццаць гадоў адпрацавала ў Камаровіцкім сельвыканкаме на розных пасадах. Была рахункаводам, землеўпарадкавальнікам, сакратаром. Калі апошнюю пасаду скарацілі, а да выхаду на пенсію яшчэ заставаўся час, жанчына вырашыла, што нідзе больш шукаць сабе пасад тых не бу-дзе. Тым больш, што дома работы хапала, гаспадарка вялікая, ды і лес чакаў. Пра лес асобная гаворка.
На сёння ў падсобнай гаспадарцы сям’і Чычыкайла карова, свінні, па паўсотні качак і трусоў, куры і тры сям’і пчол.
Як прызналася гаспадыня, за апошнія дзесяць дзён здала дзяржаве 250 літраў малака. За месяц у сярэднім толькі ад здачы малака сям’я мае даход у 350 рублёў. Палюбілі сырадой і сталічныя дачнікі, якія летам тут, у Камаровічах. Трохлітровыя слоікі разыхо-дзяцца “на ўра”. Да таго, Людміла Аляксееўна сама робіць цудоўны сыр. Кажу цудоўны, бо сама пачаставалася. Сапраўды, арыгінальны дамашні смак, як некалі рабіла мая бабуля (светлая ёй памяць). Рацэпт, здаецца, просты: у кіпячонае малако змясціць тварог, адцадзіць, дадаць крыху солі, соды, можна папрыкі. Усё гэта гаспадыня робіць у прапорцыях “на вока”. Так сказаць, тэхналогія адточаная, адпрацаваная і заўсёды ўдалая.
Добры даход прыносіць жанчыне лес. Збор шматлікіх ягад і грыбоў пачынаецца з апошняй дэкады чэрвеня і да позняй восені, да замаразкаў. Чарніцы, лісічкі, брусніцы, журавіны, баравікі і польскія грыбы – усё гэта хараство закупляюць прыватнікі. Які даход ідзе ў сямейны бюджэт за сезон, жанчына гаварыць не стала. Маўляў, суседзі толькі зайздросціць будуць. Але ўяўляю, колькі сіл гэта каштуе! Ніхто гэта не ўлічвае.
“Лес я наведваю з маленства, яшчэ бабуля Анісся туды пачала мяне вадзіць з пяці гадкоў, – распавядае Людміла Аляксееўна. – З кубачкам хадзіла і збірала тыя ягадкі. Здавалася, так складана было набраць маленькі кубак. Цяпер у сезон штораніцу выдойваю карову і а палове шостай га-дзіны выязджаю на скутары ў лес. Перад выездам абавязкова чытаю малітву. Багародзіца заўсёды са мной.
Лес – жывы арганізм. Да яго ставіцца трэба беражліва. Я нават размаўляю з ім. Гэта яшчэ бацька навучыў мяне разумець і шанаваць лес. Сам быў паляўнічым, ведаў пра лес шмат.
Апошні час ездзім разам з напарніцай, Тоняй Сялюк. Узрост немалады ў нас. Калі што здарыцца, то трэба, каб нехта побач быў. Муж яшчэ працуе ў мясцовым сельгаспрадпрыемстве, таму ў лес са мной яму няма калі.
Да 10 гадзін раніцы вяртаюся дадому. Абавязкова кладуся спаць, а потым устаю, прапальваю печ, кармлю жывёлу.
Калі не ленавацца, то за дзень можна самастойна да 30 кілаграмаў ягад сабраць. Дарэчы, за тыя грошы, што я зарабляю ў лесе, мы дома зрабілі рамонт, дзякуй Богу ў мужа залатыя рукі, мэблю новую купілі. Мужу купіла бензапілу і трымер для скошвання травы, а сама ўжо другі скутар змяніла.
Я даўно гіпертонік, пакутую на павышаны ціск, але ў лес прыязджаю – і як рукой здымае той ціск, ніякіх хвароб не адчуваю. Лес пад-сілкоўвае мяне сваёй моцнай энергетыкай.
Увогуле няма чаго прыслухоўвацца да тых балячак, тады і старасць вас не напаткае. Трэба шмат рухацца, працаваць з задавальненнем, больш радавацца жыццю і ўсё атрымаецца.
Зімой унук прыязджае да нас, просіць дзеда ў хакей з ім пагуляць на вуліцы. Той не згаджаецца, стомлены. А я бяру клюшку, апранаюся і пайшла ганяць з унукам у хакей. Суседка гаворыць потым: “Люда, я ў вакно пазіраю, як ты з унукам забаўляешся, быццам кіно гляджу. Так лоўка!”.
Я назірала за Людмілай Аляксееўнай, як яна рабіла прычоску для фотаздымка: абкруціла белай хустачкай сабраныя ў хвост валасы, усміхнулася сабе ў люстэрка. Нават і не скажаш, што гэта жанчына на пенсіі. Язык не паварочваецца. Маладжавая, бойкая, у прыўзнятым настроі. Такіх жыццё любіць. І гэта любоў узаемная.
Здароўя, моцы, цёплай восені Вам, паважаная Людміла Аляксееўна!

Інга ГІЛЕНКА.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о