Да царквы пад’ехаў аўтамабіль, з яго выйшаў мужчына ў форме зборнай Беларусі, а за ім – два ганскія легіянеры мазырскай “Славіі”. Фрэнсіс Нарх і Дэніс Тэттэ сталі ігракамі “арлоў” зусім нядаўна. Футбалісты стаялі каля белага джыпа і глядзелі ў свае тэлефоны. Мяркуючы па фразе “best keeper”, якую выпусціў нехта з іх, яны сачылі за цырымоніяй узнагароджання лепшых ігракоў года па версіі UEFA. Праязджаючыя міма вачэй не зводзілі з двух цемнаскурых хлопцаў: мультынацыянальнасць для жыхароў палескай вёсачкі – з’ява рэдкая і выключная. Іерэй Сергій Капітан паклікаў мясцовых і легіянераў у царкву, дзе змяніў футболку Дзяніса Лапцева на чорную расу.
Традыцыю пачаў Лапцеў
Яшчэ ў 2015 годзе падобнае ўспрымалася б жыхарамі нашага раёна са здзіўленнем і неразуменнем. Зараз жа прыезды футбалістаў “Славіі” у палескую глы-бінку сталі прыемнай традыцыяй. У 2015 у Курыцічах з мясцовымі гуляў Дзяніс Лапцеў, цяпер ста-більны ігрок зборнай, разам з брэсцкім “Дынама” ірвецца да чэмпіёнства ў Вышэйшай лізе. У 2017 свае сілы на вясковым узроўні ў ролі абаронцы спрабаваў кіпер Іса Ндой. Зараз жа іерэй Капітан вырашыў перанесці “таварняк” у вёску, суседнюю Куры-цічам. Наша каманда ўпершыню выступіла ў ролі гасцей пляцоўкі.
У царкве Фрэнсіс Нарх пастаянна здымаў тое, што адбываецца, на камеру свайго айфона. “Я здзівіўся вашай царкве, бо ў Гане іх робяць зусім інакш”, – адзначыў ён. Інакш цэрквы выглядаюць і ў большасці беларускіх населеных пунктаў: у Бабунічах рэлігійнае збудаванне выглядае незвычайна сціпла, без усялякага намёку на звыклую пампезнасць.
Малебен за Курыцічы і Бабунічы, паміж камандамі гэтых аграгарадкоў праводзілі матч, быў завершаны традыцыйным прэв’ю да таварыскай сустрэчы. Тады ўсе рушылі на футбольнае поле Бабуніцкай школы. Калісьці яно было стандартных памераў, але пасля рамонту школы ў 2010 го-дзе частку пляцоўкі заняла бегавая дарожка, і поле стала больш пахадзіць на міні-футбольнае.
Пачатку матчу папярэднічала незвычайнае пастраенне, ініцыяванае Сергіем Капітанам: каманды спачатку выстраіліся тварам адзін да аднаго, і толькі калі загучаў дзяржаўны гімн, сталі ў звыклую шарэнгу.
Суддзя – Васіль Палтаран, мясцовы настаўнік фізічнай культуры на пенсіі – разыграў мяч і вароты. Паехалі! За ФК “Курыцічы” гулялі футбалісты з гэтай вёскі, за Бабунічы – мясцовыя юнакі, Сергій Капітан і два цемнаскурыя легіянеры. Адзначу, славуты лозунг “No to racism” спрацаваў нават на вясковым футболе. “Я чарнаскуры. Можа, людзі тут ніколі не бачылі чарнаскурых, але нас прынялі добра. Выдатныя хлопцы”, – адзначаў талерантнасць мясцовых Нарх.
Тэттэ, нападаючы па амплуа, сеў у абарону, а паўабаронца Нарх падняўся вышэй. Гульня атрымалася скамечанай, але сваю тэхніку легіянеры паказаць здолелі: пастаянна пасавалі паміж сабой і дэманстравалі фінты. У адным з момантаў Фрэнсіс атрымаў мяч і застаўся сам-насам з апошнім абаронцам (дарэчы, аўтарам публікацыі). На хуткасці абышоў злева, спыніць яго можна было толькі жорсткім падкатам, які, падумаўшы пра магчымыя наступствы, я рабіць не стаў. Нарх ударыў у кут і забіў. Я ўслых пазначыў сваю гульню фразай “софт прэсінг”, Фрэнсіс з усмешкай пабег на сваю палову. Першы тайм, які доўжыўся 15 хвілін, закончыўся з лікам 1:1. Курыцічы змаглі адквітаць толькі адзін мяч.
У перапынку для гледачоў, якіх на матчах у Курыцічах, адзначу справядлівасці дзеля, было больш у разы, выступілі дзве юныя танцоркі. Іх танец зацягнуўся, і на другі тайм мы выйшлі, калі ўжо сцямнела. Пасля таго, як Нарх некалькі разоў прадэманстраваў сваю тэхніку, я на сваім ламаным англійскім сказаў, маўляў, давай гэтак жа і з Брэстам (наш матч праходзіў за два дні да гульні “Славіі” і “Дынама”). Ганец зразумеў, пра што я, і даволі агрэсіўнымі жэстамі паказаў, што чакае “Дынама-Брэст” ужо ў суботу. “Гуд лак”, – падтрымаў яго парыў. “Сэнкю”, – падзякаваў Нарх, гульня працягнулася.
Пасля ён добра прабіў з-пад мяне ў далёкі кут і зрабіў лік канчатковым – 2:1 на карысць гаспадароў стадыёна. Мы, Курыцічы, ціснулі ў канцоўцы з усіх сіл, але часу матчу, які з-за цемры завяршыўся раней патрэбнага хвіліны на тры, каб зраўняць лік, не хапіла.
Сергій Капітан пастроіў каманды, уручыў кожнаму медаль. Потым Тэттэ і Нарха абступіў вялікі натоўп, які прагнуў фатаграфавацца.
Мерапрыемства скончылася, але застанецца ў памяці гледачоў і ўдзельнікаў як трэцяя глава супрацьстаяння простых вясковых футбалістаў і прафесіяналаў з “Славіі”.
 “Я быў рады прыехаць у гэтае месца, яно мне вельмі спадабалася, – пазней праз Instagram задаволіў маю просьбу пра каментарый Фрэнсіс Нарх. – Часам яно нават чымсьці падобна на месца ў маёй краіне. Нам вельмі спадабалася гуляць з мясцовымі хлопцамі. Яны зацікаўлены ў футболе і сканцэнтраваныя на ім. Жадаю ім усяго лепшага. У ходзе гульні я атрымаў задавальненне. Мне было цікава паспрабаваць новае, атрымаць нейкі вопыт. Спадзяюся, рана ці позна, нехта з гэтых хлопцаў прыедзе ў Гану і пагуляе там у футбол. Упэўнены, гэта толькі пытанне часу. Іх вёска – вельмі добрае месца для жыцця”.
***
На гульню “Славія” (Мазыр) – “Дынама-Брэст” Фрэнсіс Нарх выйшаў зараджаным: спачатку выдаў выдатную перадачу на Пятрэнку, пасля праявіў ініцыятыву і ўзяўся выконваць пенальці, але, на жаль, прабіў вышэй. Дэніс Тэттэ выйшаў на поле ў самым канцы паядынку, які завяршыўся перамогай “Дынама” з лікам 2:4.

Ілля ШЭЛЕГ

1
Оставить комментарий

avatar
1 Цепочка комментария
0 Ответы по цепочке
0 Последователи
 
Популярнейший комментарий
Цепочка актуального комментария
1 Авторы комментариев
Таццяна Андрыеуская Авторы недавних комментариев
  Подписаться  
новее старее большинство голосов
Уведомление о
Таццяна Андрыеуская
Гость
Таццяна Андрыеуская

Арыгiнальнае мерапрыемства! Таленавiта i цiкава пададзены матэрыял. Iлля Шэлег — журналlст профi.