Не так даўно у раённай бібліятэцы, што знаходзіцца зараз у сценах Дома культуры, адбылася сустрэча мясцовых паэтаў “літаратурная гасцёўня”. На мерапрыемства завіталі аўтары, якіх добра ведаюць чытачы раёнкі, дзе часта з’яўляюцца творы землякоў. Не забываюцца літаратары і пра маленькіх чытачоў, для якіх друкуецца дзіцячая літаратурная старонка.

Сустрэліся з творчай нагоды Сустрэліся з творчай нагоды Сустрэліся з творчай нагоды
Недасведчанаму чытачу можа здацца, што літаратурная творчасць у раёне мае намінальны характар і не выходзіць за межы творчых сустрэч. На справе ж, нашы аўтары друкуюцца ў мастацкіх альманахах і часопісах, выпускаюць ў свет свае зборнікі, актыўна ладзяць сустрэчы з чытачамі пры падтрымцы бібліятэк і школ раёна. Штогод літаратары прывозяць дыпломы з абласных і рэспубліканскіх конкурсаў.
Гэтая паэтычная вечарына сабрала у зале нямала творчых асоб. Вядучая сустрэчы Кліменціна Курдо знаёміла прысутных з асноўнымі вехамі біяграфіі паэтаў, пасля чаго самі героі ўрачыстасці чыталі свае вершы. Першым слова ўзяў вядомы многім ураджэнцам Петрыкаўшчыны Іван Самахвалаў. Аўтар распавёў пра цяжкія гады дзяцінства: нарадзіўся Іван Дзмітрыевіч у 1942 годзе. Чым далей, тым меней распавядаў мужчына пра сябе, зазначыўшы, што куды больш падабаецца яму расказваць пра любімых сваіх землякоў.
Слова перайшло да Антаніны Рыбалка. Цяжкую сцежку лёсу прайшла Антаніна Адамаўна, гэта адлюстравалася і ў вершах. Але, нібы насуперак, паэзія жанчыны прасякнута і аптымістычнымі нотамі, і надзеяй.
Заклікала ўсіх пісьменнікаў удзельнічаць у конкурсах і дасылаць свае творы ў перыядычныя выданні Любоў Арлова. “Менавіта так мы маем магчымасць апавядаць чытачу пра малую радзіму, любоў да яе. Менавіта так мы можам паказаць, што Петрыкаўшчына не горш у мастацкім плане за іншыя рэгіёны”, – зазначыла аўтарка. Ну і канешне не абыйшлося без вершаў, што былі прысвечаны бацькаўшчыне, знікаючым вёскам і каханаму чалавеку.
Прасякнутая любоўю да палесскіх краявідаў лірыка Генадзя Брызіцкага. Землякі больш ведаюць мужчыну, як майстра па рамонце гадзіннікаў, але тым цікавей для прысутных аказалася яго выступленне. Родам Генадзь з вёскі Паляжач Гара. Як празнаўся аўтар, з маленства ён марыў стаць настаўнікам і, пэўна, гэтую цягу да прафесіі мовазнаўцы і пачаў рэалізоўваць праз паэзію. Слухачам мужчына прачытаў вершы “Роздум паляўнічага”, “Пра вясну”, “Старая жанчына”.
У жанры бардаўскай песні гледачоў павітала Людміла Яцухна, якая не так даўно прывезла дыплом І ступені ў намінацыі “Аўтар” з фестываля бардаўскай песні “Сонечны”, што праходзіў ў горадзе Кобрын. Жанчына выканала песні “Маміны рукі”, “Мой край запаветны” і верш “Не ценим того, что дарит нам Бог”. Словы падзякі Людміла Яцухна выказала тым, хто прывёў яе ў свет творчасці, у першую чаргу Георгію Кебцу і Івану Самахвалаву.
Філасофскай лірыкай і разважаннем пра высокае прасякнута творчасць Ірыны Тарасевіч. Як прызналася жанчына, паэзія суправаджае яе жыццё яшчэ са школы і, пэўна, у гэтым ёсць своеасаблівы пошук адказаў на вечныя пытанні лёсу.
Працягнула сустрэчу Таццяна Яўтуховіч, якая з усмешкай адзначыла, што прыйшла ў паэзію хіба не пазней за ўсіх прысутных аўтараў – у 2001 годзе, але жыццёвага вопыту ў яе, пэўна, больш за астатніх. Усе вершы паэтэсы прысвечаны мужу Андрэю Мікалаевічу, які пайшоў з жыцця, але застаўся назаўсёды жыць ў сэрцы жанчыны. “Я пражыла ў найшчаслівейшым шлюбе 55 гадоў”, – з цёплымі ўспамінамі і павагай адзначыла жанчына. Такімі ж былі і яе вершы.
Завяршаў сустрэчу вядомы петрыкаўскі музыкант, аўтар больш паўсотні песень, Георгій Кебец, які ўзгадаў часы, калі ствараліся творчыя тандэмы, ладзіліся сустрэчы. На радасць прысутным аўтар выканаў папуры вядомых усім кампазіцый.
Арцём ГУСЕЎ,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о