Дажджлівае надвор’е ліпеня адкладвае надалей гарачыя дні жніва. Тым часам сельскім гаспадаркам раёна не даводзіцца чакаць, склаўшы рукі. У КСУП “Кашэвічы” працягваецца нарыхтоўка зялёных кармоў. Закладзена ў ямы больш 2,9 тысячы тон сенажу. Штодзень гэта лічба павялічваецца. Пакуль тэхніка можа выйсці на пойму Пцічы, на закладку ідуць лугавыя травы.

Рэзервы даюць магчымасціДырэктар прадпрыемства Іван Слуцкі адзначае, што сенажу нарыхтавана намнога больш, чым летась. Мінулая вясна была складанай з-за недахопу зялёнага корму, такой памылкі цяпер дапусціць нельга.
– Пойменныя сенажаці, дзе цяпер працуюць на тэхніцы Віталь Жукоўскі, Уладзімір Азёмша, Уладзімір Сарочык, раней былі перададзены ў арэнду ААТ “Палессе-Аграінвест”, – назіраючы за працай тэхнікі, расказвае Іван Слуцкі. – Цяпер каля 80 гектараў імі не выкарыстоўваецца. У нас з’явілася магчымасць самім сабраць тут ураджай траў. Непадалёку размешчаны і ямы для закладкі сенажу. Сёння там на трамбоўцы працуе Андрэй Шпігановіч і ўлікоўшчык Ганна Петрушэнка. Надвор’е дае надзею і на другі ўкос траў. Таму гэту работу спыняць не будзем. Штодзень закласці 3-5 прычэпаў у яму сёння не праблематычна, а зімою яны будуць выдатнай падтрымкай. Летась было нарыхтавана каля 30 кормаадзінак на галаву худобы. Хапіла, нават дзяліліся з суседзямі. Гаспадарка Акцябрскага раёна разлічылася з намі цялушкамі.
Сёлета на землях КСУП засеяна каля 1200 гектараў кукурузы, з якіх 900 гектараў плануецца таксама закласці на сілас, а гэта 12-13 тысяч тон. Астатняе будзе сабрана на зерне. Іван Слуцкі адзначае, што кукуруза крыху не дабірае ў росце: сухая вясна і недахоп калійна-фосфарных угнаенняй даліся ў знакі. Але разлічваюць на добры ўраджай азімых – пасеяна 800 гектараў жыта і 200 трыцікале. Астатнія 1,6 тысячы гектараў дапаўняюць авёс і пшаніца. Запланаваныя сабраць 3-2,5 тысячы тон зерня гаспадарка пусціць на камбікармы для 1620 галоў жывёлы. Праўда, пакуль камбікармоў не хапала для дарошчвання бычкоў, іх вагою ў 200-250 кілаграмаў прадаюць на дарошчванне.
Штогод павялічваецца і пагалоўе дойнага статку. Летась дапоўнілася сотняй маладых першацёлак. Цяпер ідзе рамонт на ферме ў Яўсеевічах. Тут і на ферме ў Лучыцах змогуць размясціць яшчэ 100 галоў. Гэта перспектыва на наступны год.
– Сёлета наша гаспадарка атрымала новую тэхніку, – расказвае пра тэхнічнае забеспячэнне Іван Слуцкі. – Пяць новых “Беларус -892”, адзін “Беларус-3522”, тры КУНы-пагрузчыкі на іх, “Дыскапак” для апрацоўкі глебы і корманарыхтоўчы комплекс КВК. Адзін новы трактар паставілі на кормараздачу, каб не здараліся збоі. Зразумела, што сталі мець патрэбу ў механізатарах. Да нас прыйшлі 2 новыя працаўнікі з Капцэвічаў. Імкнуся прымаць на працу менавіта мясцовых, яны больш адказныя за справу і тэхніку. Лічу, што мы сталі моцнымі ў плане забеспячэння тэхнікай. Гатовыя хоць сёння выйсці ў поле 5 камбайнаў. Праўда, працаваць на іх будуць па адным механізатары, кадраў усё ж не хапае. Але спраўляемся. Летась дапамагалі на жніве і іншым гаспадаркам раёна. Напрыклад, Уладзімір Сарочык працаваў на палетках у Навасёлках, Курыцічах, Бабунічах – да снегу. Новая тэхніка дазволіць нам не аддаваць нашы землі ў арэнду, самі на іх будзем працаваць, а гэта дае новыя перспектывы. Галоўнае, што людзі тут працавітыя, гаспадарлівыя. Ім трэба толькі даць стымул, каб ставіліся да агульнай справы, як да асабістай.
Алена БРУЦКАЯ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о