Стала добрай традыцыяй напярэдадні Дня Перамогі наведвацца да ветэранаў і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Аддаць хвіліну сваёй увагі, пагутарыць з чалавекам, уручыць кветкі і падарункі – гэта каштуе ўсяго-нічога ў параўнанні з тым, які кошт гэтыя людзі заплацілі ў гады вайны. Гэта каштавала ім болю, страху, трывогі, здароўя і немачы, а некаму і жыцця.

Падарункі саграваюць  сэрцы ветэранаў
Так, 4 мая разам са старшынёй Бабуніцкага сельсавета Сяргеем Харланавым, прадстаўніком прафсаюзнай пярвічкі КСУП “Запаветы Ільіча” Таццянай Шабалтас і райкама прафсаюза АПК Ірынай Берднік мы наведаліся ў маленькую вёску Барычаў да ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Ніны Некрашэвіч.
Ніна Іванаўна ў снежні святкавала свой 91 год нараджэння. Тут жанчына нарадзілася, тут сустрэла вайну, а пасля вайны працавала ў паляводчай брыгадзе. Нарадзіла і выхавала трох дзяцей. Цяпер мае трох унукаў і чатыры праўнукі.
У дзень нашага наведвання побач была яе дачка Тамара, якая завітала да маці з Вінніцкай вобласці. Ніна Іванаўна пражывае разам з сынам Мікалаем, але цяпер ён знаходзіцца на вылячэнні ў бальніцы. Нельга было маці пакідаць адну, вось дачка і прыехала.
Ніна Іванаўна яшчэ памаленьку ходзіць, нават, да аўталаўкі ідзе недалёка, за брамку.
Жыццё жанчыну не шкадавала. Пасля вайны аж да 1948 года Ніна Некрашэвіч працавала ў пральным атрадзе. Захоўвае свае ўзнагароды і мужавы, гаворыць, каб пасля смерці ўсе гэтыя медалі паклалі ёй у магілу. Дарэчы, муж пайшоў з жыцця ў лютым 2014 года. Жанчына вельмі хваліла сына і выцірала слёзы: перажывае, каб хутчэй паправіўся і вярнуўся дадому.
Наведваецца двойчы на тыдзень да Ніны Іванаўны і сацыяльны работнік Святлана Рудзінская.
У гэты перадсвяточны дзень з кветкамі завітаў Сяргей Трыфанавіч, падарункі пакінулі Таццяна Мікалаеўна і Ірына Генадзьеўна.
Галоўнае – не забывацца пра тое, што гэтыя людзі перажылі вайну, працавалі ў цяжкіх умовах, недаядалі, хварэлі, але выжылі. Жывіце доўга, паважаная Ніна Іванаўна. Дзякуй вам за Перамогу! Няхай ваша сэрца хоць на хвіліну будзе сагрэта гэтай увагай.

Інга ГІЛЕНКА.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о