Цэнтр моды і прыгажосці “Крыштальная німфа” сёлета праводзіць конкурс “Міс і містар Гомельская вобласць”. Нагадаем, што 1/2 частка адбору прайшла 5 студзеня ў Петрыкаве, у выніку якога ў наступны этап прайшлі  Маргарыта Валодзькіна, Настасся Серык, Юлія Герасіменка, Сяргей Ярмалюгін, Аляксандр Яцук, Мікіта Еўтушэнка.

Фінал адгрыміць 6 красавіка ў Гомельскім абласным драматычным тэатры ў 17 гадзін. Арганізатары абяцаюць неверагодна цікавае шоў, а пакуль давайце пазнаёмімся з землякамі, якія будуць прадстаўляць наш рэгіён.

 Знаёмцеся, прэтэндэнты на званне "Міс і містар Гомельская вобласць"

Сяргей ЯРМАЛЮГІН, 27 гадоў, індывідуальны прадпрымальнік:

– Скончыў сярэднюю школу № 1 горада Петрыкава, пасля паступіў у Гомельскі каледж чыгуначнага транспарту. Далей служыў у арміі ў роце ганаровай варты ў Мінску.

Падчас вытворчай практыкі ад каледжа пайшоў вучыцца ў мадэльную школу Сяргея Нагорнага ў Мінску, дзе нас вучылі дэфіле, акцёрскаму майстэрству, асновам этыкету. Пасля заканчэння навучання мы ўдзельнічалі ў паказе.

З мадэльнага вопыту – удзел у Беларускім тыдні моды, фотаздымка для кампаніі Mark Formelle, дзе я выступаў мадэллю, некаторыя фатаграфіі яшчэ можна пабачыць у ЦУМе, а таксама быў мадэллю для кампаніі Conte.

У 2014 годзе прымаў удзел у конкурсе “Містар Беларусь”, мне патэлефанавалі адразу ў войска. Яшчэ некалькі этапаў адбору змог прайсці, а вось на фінал не змог трапіць – служба ёсць служба.

Спрабаваўся на акцёрскія праекты, але з імі ў мяне не ўсё так удала складвалася, як з фотаздымкамі. Часта арганізатары казалі “не”.

Калі ўсе адмовы прымаць блізка да сэрца, то нярвовых клетак не застанецца. Да конкурсу “Міс і містар Гомельская вобласць” таксама спакойна стаўлюся, працую, каб усё прайшло з майго боку на годным узроўні.

 

Знаёмцеся, прэтэндэнты на званне "Міс і містар Гомельская вобласць"

Юлія ГЕРАСІМЕНКА, 19 гадоў, студэнтка МДЛУ:

– Скончыла Курыціцкую сярэднюю школу, пасля паступіла ў Рэчыцкі педагагічны каледж, зараз – студэнтка трэцяга курса Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта. Чатыры гады займалася лёгкай атлетыкай, у спорце ёсць званне чэмпіёнкі Рэспублікі Беларусь па лёгкай атлетыцы.

Пасля перамогі ў конкурсе “Палеская Прыгажуня – ­2018” у Ляскавічах падпісала кантракт з мадэльным агенцтвам “Крыштальная німфа”, якое часта запрашае на самыя розныя мерапрыемствы па Беларусі. Таксама прапанавалі кантракт з выездам за мяжу, але не змагла паехаць з-за працы.

Пасля перамогі стала адчуваць сябе больш упэўнена, менш хвалявацца. На новыя конкурсы не страшна ісці, таму і вырашыла паўдзельнічаць у “Міс і містар Гомельсая вобласць”. Кастынг прайшоў для мяне вельмі хутка, пытанняў з боку журы практычна не было, бо пра мяне ўсё ведалі.

 Знаёмцеся, прэтэндэнты на званне "Міс і містар Гомельская вобласць"

Аляксандр ЯЦУК, 22 гады, студэнт ГДТУ імя Паўла Сухога:

— Скончыў Мышанскую сярэднюю школу, а таксама музычную па класе фартэпіяна.

Зараз ідзе фінішны пяты курс навучання ва ўніверсітэце па спецыяльнасці “Інжынер-энергетык”. З вялікім задавальненнем іграю на гітары і спяваю, наведваю трэнажорную залу ў вольны час.

Вывучаю асобна бітмэйкінг – гэта напісанне музыкі па камп’ютарных праграмах.

Усе сучасныя хіты, у тым ліку песні  Вольгі Бузавай ці Макса Каржа робяцца праграмна, гэта значыць з дапамогай софту. І вось бітмэйкінг – гэта стварэнне электроннай музыкі.

Спачатку пішацца біт, а потым ужо прыдумляецца вакальная партыя і тэкст. Разабрацца ва ўсім гэтым не вельмі лёгка.

Мне падабаецца актыўны лад жыцця, жыццё вельмі цікавае і разнастайнае.

На кастынгу быў упершыню. Журы адразу пажартавалі: “Зноў высокі, у вас там у Петрыкаве экалогія, напэўна, добрая”.

 

Знаёмцеся, прэтэндэнты на званне "Міс і містар Гомельская вобласць"

Маргарыта ВАЛОДЗЬКІНА, 19 гадоў, студэнтка Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны:

– Вучуся на факультэце “Правазнаўства”. Пасля таго, як стала “Першай віцэ-міс” на конкурсе “Палесская прыгажуня” ў Ляскавічах, працягнула супрацоўніцтва з агенцтвам “Крыштальная німфа”.

Прымаю ўдзел у мерапрыемствах рознага ўзроўню, пачынаючы ад паказу на сцэне Драматычнага тэатра да сустрэчы Прэзідэнта Украіны ў Гомелі і Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на адкрыцці маста ў Тураве.

Лічу, што ў жыцці важна не выпусціць свой шанец і абавязкова спрабаваць новае, таму я прыйшла на кастынг “Міс і містар Гомельская вобласць”. Усім удзельнікам пажадаю праявіць сябе і атрымаць максімальнае задавальненне ад выступаў.

 

Знаёмцеся, прэтэндэнты на званне "Міс і містар Гомельская вобласць"

Мікіта Еўтушэнка, 19 гадоў, галоўны бухгалтар Петрыкаўскага раённага камітэта ГА “БРСМ”:

— Пасля заканчэння 9 класа адразу паступіў у Гомельскі аграрна-эканамічны каледж на спецыяльнасць “тэхнік-эканаміст”.

У Петрыкаве працую па размеркаванні. Праца цікавая і перспектыўная.

Зараз актыўна ідзе падрыхтоўка творчага нумара конкурсу, гэта будзе нешта сярэдняе паміж тэатральнай і музычнай пастаноўкай. Канкурэнтамі лічу ўсяго некалькі чалавек. Спадзяюся, што перамога будзе сумленная і ў самага моцнага.

Знаёмцеся, прэтэндэнты на званне "Міс і містар Гомельская вобласць"

 

Настасся СЕРЫК, 20 гадоў, працуе ў ДУАЖыткавіцкая дзіцячая школа мастацтваў імя У. Будніка”:

— Нарадзілася і жыву ў горадзе Петрыкаў. Вельмі люблю музыку, але акрамя гэтага я люблю спорт: валейбол, тэніс і асабліва катацца на лыжах. Вучылася ў школе № 1.

Скончыла Мазырскі музычны каледж па класе цымбалаў. Люблю падбіраць музыку па слыху. Зараз працую на адпрацоўцы ў Жыткавічах, дзе часова і пражываю.

Ці ёсць перамогі? Шмат, па спорце і асабліва па музыцы. У каледжы ўдзельнічала ў міжнародных конкурсах і была дыпламантам 2 і 3 прыступак.

У падобных конкурсах як Міс не ўдзельнічала, але мне гэта вельмі цікава, таму і вырашыла паспрабаваць. Гэта для мяне новыя знаёмствы і вопыт у жыцці. А планы на будучае? Паспрабаваць усё і знайсці менавіта тое, што мне будзе падабацца ўсё жыццё.

Т. СЯРГЕЕВА, фота Арцёма ГУСЕВА і з асабістых архіваў Юліі Герасіменка, Маргарыты Валодзькінай, Аляксандра Яцука.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о