Свята, якое адзначаецца 14 лютага ў многіх краінах свету, як мяркуецца названа па імені аднаго з двух раннехрысціянскіх пакутнікаў – Валянціна. Тыя, хто адзначаюць гэтае свята, дораць каханым падарункі, кветкі, цукеркі, цацкі і асаблівыя паштоўкі ў форме сэрцайка – валянцінкі.
…Настасся працуе настаўніцай фізічнай культуры і здароўя ў гімназіі, Андрэй пажарным-выратавальнікам у Петрыкаўскім РАНС. Разам яны гадуюць сына, упрыгожваюць хату, імкнуцца да дабрабыту, поспеху і шчасця. Напярэдадні свята каханых сям’я Андрук з Петрыкава, за якой мы так любім назіраць у сацыяльных сетках, распавяла пра гісторыю свайго кахання.

14 ЛЮТАГА – ДЗЕНЬ УСІХ ЗАКАХАНЫХ. Гісторыя кахання

ПЕРШАЕ СПАТКАННЕ

Натасся: Пазнаёміліся мы праз сацыяльную сетку “ВКонтакте”. Тыдні два перапісваліся і, нарэшце, дамавіліся сустрэцца.
На спатканне спазніўся Андрэй. Першае ўражанне было сапсавана. Нягледзячы на гэта, дала шанец выправіцца: каля дзвюх гадзін мы размаўлялі пра спорт і трэніроўкі.
Самае цікавае, што былі мы з аднаго горада, але пра гэта нават не здагадваліся.
Хлопец мне спадабаўся: высокі, спартыўнага целаскладу, але розніца ва ўзросце і яго празмерная суровасць мне не давалі спакою. Напэўна таму думала, што да вяселля справа не дойдзе.
Андрэй: Вядома ж, не адразу мы зразумелі, што гэта надоўга. Усё неяк ішло сваёй чаргой: рамантычныя сустрэчы, заляцанні, прагулкі, пацалункі…
Удваіх нам было камфортна, цёпла і пяшчотна. З кожнай сустрэчай мы ўсё больш і больш знаходзілі агульнае адзін у адным: захапленне спортам, жыццёвыя пазіцыі і каштоўнасці.
Настасся: Будучы муж аказаўся настойлівым і рашучым. Менавіта гэтыя якасці канчаткова мяне пераканалі ў сур’ёзнасці яго намераў.
Першы пацалунак … Успамінаю песню “Страціла галаву”.
Андрэй прыходзіў на спатканні з пакетам смачнасцяў, замест кветак дарыў мне спартыўныя легінсы і топы, бо ведаў, што за гэтыя рэчы я буду больш удзячная.
Андрэй: У далейшым сталі жыць разам: рыхтаваць ежу адзін аднаму, дапамагаць па працы.
Мы палічылі, што ў Петрыкаве будаваць сям’ю прасцей, таму пераехалі сюды. Тым больш, што тут хапае сяброў.

14 ЛЮТАГА – ДЗЕНЬ УСІХ ЗАКАХАНЫХ. Гісторыя кахання

ПРАПАНОВА РУКІ І СЭРЦА

Настасся: Для мяне гэта было нечаканым. Мы, вядома, размаўлялі пра стварэнне сям’і, пра вяселле, але больш у жартоўнай форме.
У параўнанні з іншымі парамі, нашы адносіны развіваліся вельмі імкліва. Паўгода сустракаліся і адразу пажаніліся.
Андрэй: Прапанова рукі і сэрца была ў коле сяброў, з якімі мы сабраліся адзначыць 8-е сакавіка.
Я, вядома ж, хваляваўся. Вынік перасягнуў усе чаканні.

14 ЛЮТАГА – ДЗЕНЬ УСІХ ЗАКАХАНЫХ. Гісторыя кахання

САМАЕ СКЛАДАНАЕ Ў АДНОСІНАХ

Настасся: Раней, я больш сур’ёзна адносілася да сварак, а цяпер пакрычым адзін на аднаго – праз 10 хвілін пра гэта забываем.
“Стоп-кран” – дзіця, ён ужо ўсё разумее. Хочацца, каб сын бачыў шчаслівых бацькоў.
Прычына нашых сварак, я лічу, – адсутнасць цярпення, запальчывасць Андрэя і крыўдлівасць, звышэмацыянальнасць у мяне.
Андрэй: Трэба прымаць чалавека такім як ён ёсць, а не спрабаваць яго перарабіць, з-за гэтага і ўзнікае большасць сямейных канфліктаў.
Прасіць прабачэння імкнуся я. У далейшым імкнуся абысці гэтую тэму.
Настасся: Не падзяляйце працу на мужчынскую і жаночую. Некаторыя мужчыны любяць казаць: гэта не “мужчынская справа” ці “мужчынам можна”. Дык вось, гэта самая велізарная памылка, якая вядзе да раставання.
Андрэй: Заўсёды цяжка знайсці паразуменне, калі аднаму хочацца спяваць, а другому хочацца спаць. У аднаго галава баліць, а другі хоча пайсці ў кіно. Адзін любіць дэтэктывы, а другі хоча глядзець спартыўныя праграмы.
Нават у выхаванні сына мы маем розны погляд, але ў працэсе прыходзім да агульнага хутка.
Шмат у чым для Давіда я з’яўляюся прыкладам, сын актыўна працуе з будаўнічым інструментам, займаецца спортам, ад мамы, зразумела, – танцы.
Першапачаткова мы спрачаліся, у спорт або ў танцы накіраваць дзіця, пакуль не даведаліся, што ў нас народзіцца дзяўчынка.
Сям’я для мяне – гэта самае каштоўнае ў жыцці. Гэта тычыцца кожнага чалавека. Калі ўсё будзе добра ў гэтай галіне, то наконт астатняга хвалявацца не будзе патрэбы.
Настасся: Нарадзіць другое дзіця вырашыліся з-за з’яўлення жылля. З мужам мы разам больш за чатыры гады, выхоўваем сына, робім рамонт ва ўласным доме. Вялікая шчаслівая сям’я – наша даўняя мара.
Тым, хто яшчэ не знайшоў свой лёс, абавязкова пажадаю сустрэць каханага ці каханую ў гэты святочны дзень. Верце ў каханне.

Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ.
Фота з архіва
Настассі Андрук.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о