Колькасць дыпламантаў абласнога этапа рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах у нашым раёне штогод павялічваецца. З алімпіяды 2017-2018 навучальнага года дзевяці-аддзінаццацікласнікі раёна прывезлі 7 дыпломаў, з іх 6 – на рахунку гімназістаў і 1 – поспех навучэнкі Брынёўскага сада-школы Настассі Фелькінай.

Сёлета ўладальнікаў дыпломаў прыбавілася. Васямнаццаць удзельнікаў абласнога этапу алімпіяды прывезлі дадому 10 дыпломаў. Зноў у бясспрэчных лідарах – гімназісты з 7 дыпломамі.
Два дыпломы ІІ ступені заваявалі гімназісты Андрэй Юркавец і Кірыл Вайтовіч па тэхнічнай працы пад кіраўніцтвам настаўніка Пятра Старальчэні. Таксама па тэхнічнай працы і з гэтым жа настаўнікам атрымаў дыплом ІІІ ступені Уладзіслаў Саламай. Такой жа ступені атрымалі дыпломы Павел Шляга па матэматыцы (настаўнік Дзіна Кісялёва), Яніна Ганчарэнка па гісторыі (настаўнік Галіна Туравец), Марыя Кудравец па рускай мове і літаратуры (настаўнік Людміла Мчэдлава) і Яна Несцярчук па хіміі (настаўнік Людміла Хільман).
Дыпламантамі ІІІ ступені сталі таксама Юлія Жукавец па абслугоўваючай працы з сярэдняй школы №1 (настаўнік Наталля Юркавец), а таксама Настасся Фелькіна і Ганна Краменская з Брынёўскага сада-школы.
З дзвумя апошнімі ў гэтым ганаровым спісе дзяўчатамі мы сустрэліся днямі, каб пазнаёміца бліжэй.
– Ёсць у нашай установе такія педагогі, якія штогод даюць дыпламантаў раённых і абласных этапаў алімпіяды, – з гонарам зазначыла дырэктар Брынёўскага сада-школы Надзея Дзекавец. – І гэта пры тым, што навучэнцаў нашай школы крыху больш за тры дзясяткі. Настаўнікі цяжкай штодзённай працай ствараюць атмасферу павышанай матываванасці для навучэнцаў, таму недахопу ў высокіх адзнаках дзейнасці ў нас няма.
Сустрэча з Марынай Барысавай і Таццянай Краменскай, якія сёлета падрыхтавалі дыпламантаў абласнога этапу алімпіяды, пачалася з пераліку дасягненняў іх навучэнак.
Настасся Фелькіна, вучаніца Марыны Уладзіміраўны, якая і летась прывезла дыплом ІІІ ступені з алімпіяды па беларускай мове і літаратуры, у мінулым годзе была вызвалена ад экзамена за курс базавай школы па гэтым прадмеце. Увогуле дзяўчына з 4 класа трывала замацавала сябе ў ліку дыпламантак раённага этапу абласной алімпіяды, паспяваючы пра гэтым ахапіць мноства іншых напрамкаў. Напрыклад, у гэтым навучальным годзе ў яе здабытках дыплом ІІІ ступені абласнога конкурсу рытарычнага майстэрства “Гавары са мной па-беларуску”, дыплом ІІ ступені абласнога конкурсу экскурсаводаў. Цяпер разам з творчым калектывам рыхтуюць пастаноўку на раённы этап тэатральных калектываў на замежнай мове “Аркад”.
Сёлетнюю алімпіяду Насця ацэньвае, як не вельмі складаную. Таму, тлумачыць, і атрымалася заваяваць дыплом. Пры гэтым сціпла замоўчвае, што спаборнічаць у ведах ёй давялося з 34 навучэнцамі, у большасці – гімназій і ліцэяў.
Яе настаўніца Марына Барысава выдала нам сакрэт Насці: марыць быць настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, вучыцца ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны. Цяпер займаецца ў завочнай школе моваведаў пры гэтай установе. А яшчэ безупынна працуе па любімым прадмеце. Калі і ў наступным годзе, у выпускным класе, атрымае дыплом абласнога этапу алімпіяды – без экзаменаў паступіць у гэту ВНУ.
З будучай прафесіяй адзінаццацікласніца Ганна Краменская вызначылася: будзе маркетолагам. І ўпэўненасці ў правільным выбары дадала сёлетняя перамога ў абласным конкурсе “Я выбіраю прафесію маркетолага”. Дыплом гэтага года ў алімпіядзе па нямецкай мове даў ёй права без здачы школьнага экзамена атрымаць 10 балаў у атэстат.
І гэта не ўсе захапленні Ганны. Сёлета ў раённым этапе алімпіяды яна заваявала два дыпломы І ступені – па нямецкай мове і астраноміі. У мінулым годзе, будучы яшчэ дзесяцікласніцай (астраномію вывучаюць у 11 класе), стала пераможцай інтэрнэт-алімпіяды па гэтым прадмеце. Сёлета ад ўдзелу ў гэтым конкурсе адмовілася з-за вялікай загружанасці ў падрыхтоўцы да цэнтралізаванага тэсціравання. Хаця, чаго баяцца дзяўчыне, сярэдні бал паспяховасці якой – 9. Тым не менш, не ўсё адмовіла яна летась. Заўзятая КВЗэншчыца, стварае з камандай чарговае прадстаўленне на раённы конкурс. А з настаўнікам працы Антонам Голікам распрацоўваюць устаноўку, якая працуе па прынцыпе мухабойкі, праект хутка будуць прадстаўляць на абласным конкурсе “Тэхнаінтэлект”.
– 70% поспеху на алімпіядзе, – гэта праца настаўніка, – упэўнена Ганна. – Да гэтага трэба дадаць асабістыя прыязныя адносіны вучня і настаўніка. Можа не здарма ў нас з Таццянай Васільеўнай адно прозвішча – Краменская. Яна ставіцца да мяне, як да дачкі. У нас блізкія сяброўскія адносіны.
Марына Уладзіміраўна і Таццяна Васільеўна ўпэўнены, што кожная праведзеная разам з дзецьмі і іх прадметамі гадзіна дасць свае вынікі. Пацверджанне таму – Ганна і Насця. Сёння ў школе падрыхтавана ўжо іх змена. Насця Краменская, Даша Брага, Каця Барысава, Каміла Насека, Марына Чарнагулава, Валерыя Насека, Ліля Анікеенка радуюць сваімі высокімі вынікамі. Хутка і іх імёны ўвойдуць у спісы пераможцаў алімпіяд. Гэтыя педагогі не памыляюцца.
Алена БРУЦКАЯ.
Фота Арцёма ГУСЕВА і з архіва гімназіі.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о