На карону прэтэндавалі 10 дзяўчат з розных куткоў нашага раёна. Удзельніцы – прыклад для пераймання – дэманстравалі свае здольнасці ў спевах, танцах і чытанні вершаў.
Прайшоўшы занальны адбор, вучаніцы 8-11-ых класаў гімназіі, школ горада і раёна ў фінале конкурсу таксама павінны былі прайсці некалькі этапаў.
На старце прыгажуні расказвалі пра сябе, свае хобі, захапленні і дасягненні.
Другі этап называўся “У гармоніі з прыродай”, дзе ўдзельніцы павінны былі скласці букет з хатніх нарыхтовак, прыдумаць яму назву і абараніць яго перад журы.
Трэці этап быў прысвечаны творчасці. Тут ужо перад прыгажунямі стаяла задача максімальна арыгінальна раскрыць свае здольнасці і таленты.
Ну і апошні этап – дэфіле ў вячэрніх сукенках з другаснай сыравіны.
Члены журы выстаўлялі балы за творчы падыход да выступлення, артыстызм, дасціпнасць, арыгінальнасць, узровень выканаўчага майстэрства, мастацкі вобраз.
Арганізатарамі конкурсу “Міс Восень” выступілі РК ГА “БРСМ”, аддзел адукацыі, спорту і турызму, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, пры падтрымцы арганізацый і прадпрыемстваў раёна.

29 лістапада ў зале Петрыкаўскага ДК прайшоў фінал конкурсу «Міс восень-2019»
Давайце агучым імёны пераможцаў. Тытул “Міс Восень-2019” і карону конкурсу атрымала Валерыя Мойса – навучэнка гімназіі горада Петрыкава.
“Віцэ-міс” стала Яна Максімава з сярэдняй школы № 2. Тытул “Інтэрнэт-Дзіва” ў капцэвічанкі Юліі Шлягі.

29 лістапада ў зале Петрыкаўскага ДК прайшоў фінал конкурсу «Міс восень-2019»
Дыплом удзельніцы і каштоўныя падарункі таксама атрымалі Аляксандра Жукавец, Ганна Пракапенка, Людміла Кароль, Вікторыя Юшчанка, Вольга Васільева, Аляксандра Журавель, Паліна Сідарава.
Восень – прыгожая і яркая пара. Традыцыя правядзення восеньскага конкурсу прыгажосці і грацыі не толькі апраўданая, але і заканамерная. Калі ж, калі не зараз? Справядліва адзначыць, што ўзровень такіх мерапрыемстваў з кожным годам расце: канкурсанткі выбіраюць больш сурёзныя вершы, вакальна-моцныя песні і складаныя харэаграфічныя “па”.


29 лістапада ў зале Петрыкаўскага ДК прайшоў фінал конкурсу «Міс восень-2019»

– Я ўдзячная за дапамогу ў падрыхтоўцы да конкурсу бацькам і майму класнаму кіраўніку Вользе Мікалаеўне Марцынкевіч, – распавяла пераможца Валерыя Мойса. – На творчы нумар выбрала “Баладу аб чатырох заложніках” Аркадзя Куляшова, таму што яна запала ў душу, я адчула кожны яе радок.
Увогуле, чалавек я творчы, мне падабаецца спяваць і танцаваць. Увесь свой вольны час прысвячаю тэатру мод у Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі, а таксама школьнаму тэатру “Купалінка”, з якім мы заявілі пра сябе на многіх конкурсах.
Яшчэ прымаю ўдзел у такіх конкурсах як “Купалаўскія чытанні” і “Жывая класіка”, дзе магу праявіць свае здольнасці ў выразным чытанні.
Планую звязаць сваю будучыню з творчасцю.

Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о