Мы сустрэліся з прадстаўнікамі гэтай прафесіі і даведаліся пра спецыфіку працы фларыста. І не толькі…

28 лютага святкуюць Дзень фларыста альбо Дзень кветкавага дызайну“Калі я толькі пачынаў сустракацца з дзяўчынай, то купіць букет руж было практычна немагчыма, – распавёў мясцовы фларыст Пётр Вашкевіч. – Мой бацька працаваў у арганізацыі па дастаўцы харчовых прадуктаў у крамы. І толькі з яго дапамогай можна было з абласнога цэнтра даставіць у Петрыкаў кветкі. Затым вясельны букет давялося заказваць у Калінкавічах. Час ішоў, а купіць яркі і прыгожы букет у нашым горадзе заставалася праблемай. І тады мы з жонкай вырашылі – краме кветак быць! Крама “Респект” пачала працаваць з 2007 года. 2 лютага мы адзначалі дзень нараджэння.

90% паставак кветак у першы час працы ішлі з Галандыі, зараз – з Лацінскай Амерыкі. Сістэма настолькі наладжана, што кветкі дастаўляюць літаральна праз суткі пасля афармлення заяўкі.

Як правільна даглядаць букет кветак? Калі мы гаворым пра ружы, самы распаўсюджаны міф – гэта дадаваць у ваду цукар або аспірын. Глупства!
Яшчэ адзін міф – класці ружы ў ванну на ноч. Ружы аддаюць перавагу звычайнай чыстай вадзе і прахалоднай прасторы, дзе тэмпература вар’іруецца ад +2 да +8 градусаў. Як толькі вам падарылі букет, варта зрабіць касы зрэз сцябла і затым працягваць зрэзваць кожны дзень, мяняючы ваду.

З асабістага вопыту падкажу, што можна ў вазу з вадой дадаваць 1-3 кроплі хлоркі або белізны – гэта знішчыць мікробы ў вадзе.
Нам па-ранейшаму складана выкараніць стэрэатыпы ў некаторых пытаннях продажу кветак. Так, жоўтыя ружы практычна не купляюцца мясцовымі жыхарамі. А вось турысты бяруць з ахвотай.

Вы ведалі, што многія кветкі з’яўляюцца пустазеллем? Ва ўсходніх краінах – гэта архідэі, азалія – горны хмызняк у дзікай прыродзе.
Многія думаюць, што кветкі, якія прадаюцца ў кашпо, павінны выстаяць столькі ж часу, як і хатнія вазоны. Гэта не так. Мы іх прадаем як горшковыя букеты, тэрмін у іх больш, чым у зрэзаных, але меншы, чым у вазонах.
Так, цяпер кветкі сталі больш устойлівымі, і могуць радаваць сваіх гаспадароў доўгі час. Галоўнае, паўтаруся, правільна даглядаць!”

28 лютага святкуюць Дзень фларыста альбо Дзень кветкавага дызайнуВольга Масонава, фларыст у Петрыкаве:
“У сферу фларыстыкі я трапіла ўсяго толькі паўгода назад. Тут мне вельмі падабаецца, увесь час працы вакол цябе толькі прыгажосць. Кветкі, як і чалавек, патрабуюць клопату, увагі, ласкі.
Самай папулярнай у пакупнікоў з’яўляецца бардовая ружа. Вельмі складана пакуль з навінкамі. Людзі прывыклі да класікі, а вось нейкія эксперыменты, нават з пакаваннем, не ідуць.
Агульнапрынята, што букет – жаночы падарунак. Радуе, што стала модным дарыць кветкі мужчынам. Сёння вельмі папулярныя букеты ў дзелавым стылі. Кветкавыя кампазіцыі дораць дзелавым партнёрам або начальніку, з нагоды заключэння ўдалай здзелкі або на прафесійнае свята.
Калі вы сабраліся дарыць мужчыну кветкі, мы раім скарыстацца паслугамі фларыстаў. Яны створаць кампазіцыю з улікам усіх правіл, каб ні вы, ні адрасат не патрапілі ў няёмкую сітуацыю пры віншаванні”.

28 лютага святкуюць Дзень фларыста альбо Дзень кветкавага дызайнуПра трэнды распавяла сталічны фларыст Вольга РУЦКАЯ:
“У трэндах зараз экзотыка – анемоны, ранункулюсы, мікс з розных кветак, напрыклад, мясцовыя палявыя кветкі і дарагія венесуэльскія ў адным букеце. Папулярная карэйская плёнка як упаковачны матэрыял. Моладзь усё часцей аддае перавагу кветкам без пакавання або ўпакоўцы з крафт-паперы.
Менш купляюць фарбаваныя кветкі. Падача кветак у капялюшных скрынках адыходзіць. У трэндах монабукеты.
Дзяўчаты любяць браць вялікія абярэмкі эўкаліпта для ўпрыгажэння дома. І ў трэндах яшчэ кампазіцыі для дома з сезоннымі матэрыяламі – палкі, галінкі, салома.
Цяпер актыўна выцясняюць букеты жывых кветак букеты з ежы – з гародніны, сыру, цукерак, мясных прадуктаў. Для дзяўчат – часцей салодкія прадукты, для мужчын – букеты са спіртнымі напоямі, сырамі, рознымі каўбаскамі”.
Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ.
Фота аўтара і з архіва Вольгі Руцкай.

 

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о