Яшчэ ў 1993 годзе Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя туберкулёз быў аб’яўлены глабальнай праблемай. Сітуацыя лічыцца напружанай па той прычыне, што цяпер распаўсюджваецца туберкулёз з множнай лекавай устойлівасцю ў спалучэнні з ВІЧ-інфекцыяй. Гэта акалічнасць пры грэбаванні мерамі прафілактыкі пагражае ўсім слаям насельніцтва.

24 сакавіка – Сусветны дзень барацьбы з туберкулёзам
– Узровень захваральнасці залежыць ад імунітэту, ладу жыцця чалавека, яго жыллёвых умоў, матэрыяльнага дастатку, умоў працы і іншых прычын, – пазначыла ўрач фтызіятр ЦРБ Каміла Фено. – Летась у нашым раёне былі выяўлены 4 новыя выпадкі захворвання на туберкулёз. Адзін з гэтых хворых пакутаваў на хранічны алкагалізм, яшчэ адзін – стаіць на псіхіятрычным уліку. Годам раней сярод 12 новых фактаў было трое хворых з такіх катэгорый. Трэба сказаць, што ў 2019 годзе ў раёне не выяўлена выпадкаў спалучэння туберкулёзу і ВІЧ-інфекцыі.
Паказчык захваральнасці на туберкулёз у нашым раёне ў мінулым годзе быў намнога меншы, чым сярэднеабласныя лічбы. На Петрыкаўшчыне захваральнасць на 100 тысяч насельніцтва склала 15,2, а па вобласці – 26,5.
Хвароба можа развівацца ў розных органах – лёгкіх, нырках, кішачніку, касцях і суставах, мазгавых абалонках. Але часцей менавіта ў органах дыхання – такая тэндэнцыя захоўваецца і ў нашым раёне. За 2018-2019 гады выяўлены толькі адзін хворы на туберкулёз костак і суставаў. На сёння гэта жанчына прайшла поўны курс лячэння і знаходзіцца на дыспансерным уліку.
Сярод хворых на туберкулёз большасць – непрацуючыя, якія не ўсведамляюць наступстваў перарывання назначанага лячэння. Захворванне прагрэсіруе, хворы становіцца небяспечным для навакольных.
Урач фтызіятр пазначыла, што на лячэнне аднаго хворага выдаткоўваюцца немалыя сумы. У тым ліку на набыццё сродкаў індывідуальнай абароны і дадатковага харчавання пацыентаў. Летась толькі на гэтыя артыкулы было выдаткавана з бюджэту каля 6 тысяч рублёў.
Хворыя на туберкулёз праходзяць працяглы этап лячэння, тэрмін якога ад паўгода да 18 месяцаў. Найважнае значэнне ў эфектыўнасці лячэння мае ранняя дыягностыка і сваечасова прынятыя меры. Петрыкаўскай ЦРБ штотыдзень дастаўляе дыягнастычны матэрыял у мазырскія і гомельскія спецыялізаваныя ўстановы аховы здароўя. Гэта дазваляе хутка паставіць дыягназ і дыягнаставаць лекава-устойлівыя формы захворвання, своечасова шпіталізаваць пацыентаў і пачаць адэкватнае лячэнне па індывідуальнай схеме.
– Асноўныя метады ранняй дыягностыкі – гэта флюараграфія грудной клеткі і здача макроты на туберкулёз для дарослых і пастаноўка падскурнай пробы Манту і дыяскінтэст для падлеткаў і дзяцей, – адзначыла Каміла Фено. – А пры атрыманні накіравання да ўрача-фтызіятра, не адкладвайце. Ад гэтага будзе залежаць здароўе ваша і вашых родных. З-за асаблівасцяў механізма перадачы ўзбуджальніка інфекцыі і трывалага характару постінфекцыйнага імунітэта, важнай мерай прафілактыкі з’яўляецца імунізацыя. Вакцынацыя праводзіцца немаўлятам на трэці дзень жыцця.
Зразумела, самім медыцынскім работнікам туберкулёз не перамагчы. Гэта праблема агульнадзяржаўная, якая патрабуе вялікіх арганізацыйных мерапрыемстваў і эканамічных выдаткаў. А галоўнае, гэта клопат кожнага асобна ўзятага чалавека. Здаровы лад жыцця, своечасовае праходжанне прафілактычных медаглядаў, а пры неабходнасці своечасовае і якаснае лячэнне – лепшы гарант здароўя.
Алена БРУЦКАЯ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о