Мінулы год увайшоў у гісторыю краіны, вобласці, раёна як багаты на важныя гістарычныя, палітычныя і сацыяльна значныя падзеі.
Ён быў адзначаны святкаваннем 75-й гадавіны Вялікай Перамогі. Адбыліся выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якім зноў абраны Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. Пачаў працу новы ўрад Беларусі на чале з прэм’ер-міністрам Раманам Галоўчанкам. Уведзена ў эксплуатацыю Беларуская атамная электрастанцыя. Прайшлі і іншыя даволі значныя падзеі ў жыцці краіны і вобласці. Якімі ж падзеямі адзначана жыццё Петрыкаўскага раёна? Прапануем невялікі іх агляд.

СТУДЗЕНЬ
Тэатральны калектыў “Купалінка” ДУА “Гімназія г. Петрыкава” атрымаў званне ўзорнага. У 2006 годзе, калі быў створаны калектыў, выбар быў зроблены на карысць беларускай класікі – “Паўлінка”, “Трыбунал”. Цікавы этап – тэатральныя пастаноўкі на анг-лійскай і нямецкай мовах, што прызнаны ў ліку лепшых на абласным конкурсе тэатральных пастановак “Аркад”. Сёння ўзровень рэжысуры і майстэрства трупы даюць магчымасць прэзентаваць гледачам мюзіклы. Апошнія з іх – “Стылягі” і “Сабор Парыжскай Боскай Маці”– сталі асновай працэсу абароны на права мець званне ўзорнага калектыву перад рэспубліканскай камісіяй.
У раённым турніры па міні-футболе “Прарыў-2020” пераможцай стала каманда Петрыкаўскага РАУС.
Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за ўзорнае выкананне службовых абавязкаў медалём за бездакорную службу трэцяй ступені ўзнагароджаны старшыя прапаршчыкі ўнутранай службы Віталій Ганчар і Сяргей Жогаль, а таксама прапаршчык унутранай службы Андрэй Пінчук.
Ордэн маці ўручаны жыхарцы аграгарадка Конкавічы Валянціне Яцук.
Падведзены вынікі раённага этапу рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года-2020” Пераможцамі прызнаны: Юлія Кандрашонак, Алена Замарэева, Марына Барысава.
Па выніках конкурсу “Лепшае аддзяленне вобласці” за 2019 год сярод пунктаў продажу ААТ “ААБ Беларусбанк” Гомельскай вобласці аддзяленне № 320/21 у вёсцы Мышанка па VII групе пунктаў продажу (аддзяленні з 1-3 працоўнымі месцамі) заняло першае месца.

ЛЮТЫ
Па выніках спаборніцтва сярод выратавальных станцый Гомельскай абласной арганізацыі ТВВАД за 2019 год у намінацыі “Выратавальная станцыя ІІ разрада” петрыкаўскія выратавальнікі на водах узнагароджаны дыпломам ІІ ступені.
Каманда “NaStile” Петрыкаўскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі ў фінале абласнога этапа рэспубліканскага сезона гульняў КВЗ “У будучыню з усмешкай!” заняла 3 месца.
САКАВІК
У абласным лінгвістычным конкурсе “Ведай родную мову” гімназістка Кацярына Бондар і навучэнка Брынёўскага сада-школы Анастасія Фелькіна сталі дыпламанткамі ІІІ ступені.
Фізкультурна-аздараўленчы комплекс “Прыпяць” пасля маштабнай рэканструкцыі адкрыў свае дзверы наведвальнікам. Ва ўрачыстым мерапрыемстве з нагоды знакавай для Петрыкаўшчыны падзеі прыняў удзел памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, інспектар па Гомельскай вобласці Юрый Шулейка.
Футбольны клуб “Шахцёр-2” згуляў сваю першую гульню на адноўленым стадыёне з гомельскім клубам “Лакаматыў”.

КРАСАВІК
Больш за 60 гектараў новых культур з’явілася на 37 аб’ектах Петрыкаўскага лясгаса ў час правядзення акцыі “Тыдзень лесу”.
Значная падзея адбылася 8 красавіка для лясгаса – статак высакародных аленяў з 45 асобін быў выпушчаны на волю.
Сімвалічная кропка ў маштабнай доўгатэрміновай акцыі “У гонар агульнай Перамогі” была пастаўлена на беразе ракі Прыпяць у райцэнтры. Зямля з вайсковых пахаванняў і месцаў гібелі мірных жыхароў з сельсаветаў Петрыкаўшчыны была закладзена ў агульную капсулу, якая перададзена ў крыпту храма-помніка Усіх Святых у Мінску.
На Петрыкаўшчыне па ініцыятыве БРСМ і “Белпошта” стартаваў дабрасардэчны марафон “#СпасибоМедикам”. Усе жадаючыя атрымалі магчымасць адправіць паштоўкі медработнікам са словамі ўдзячнасці за іх працу.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у рэспубліканскім суботніку, высадзіўшы дрэвы на тэрыторыі Нацыянальнага парку “Прыпяцкі”.

МАЙ
Напярэдадні 75-й гадавіны Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне ў ваенны летапіс Петрыкаўскага раёна ўпісана яшчэ адна знамянальная і гераічная старонка – у вёсцы Муляраўка ўрачыста адкрыты памятны знак у гонар воінаў-пагранічнікаў 18 Чырвонасцяжнага пагранічнага атрада войскаў Народнага камісарыята ўнутраных спраў, 75 стралковай дывізіі і 6 дывізіёна браняпоездаў.
Вакальны ансамбль “Надзея” адзначаны дыпломам лаўрэата ІІІ ступені ў анлайн-конкурсе “Музычная Скарбніца”.
Любоў Арлова і Антаніна Рыбалка сталі пераможцамі творчых літаратурных конкурсаў у рамках міжнароднага літаратурнага фестывалю “Славянскія дажынкі” і міжрэгіянальнага фестывалю “На зямлі Кірылы Тураўскага”.

ЧЭРВЕНЬ
Для 155 выпускнікоў устаноў адукацыі раёна празвінеў апошні званок. Сярод іх – 7 медалістаў і 36 пераможцаў абласных і рэспубліканскіх алімпіяд, турніраў і спаборніцтваў. Фактычна кожны чацвёрты выпускнік у гэты апошні школьны год сваёй паспяховай вучобай заявіў пра сур’ёзныя планы на ўласнае жыццё.
У дзень вызвалення Петрыкаўшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у райцэнтры ва ўрачыстай абстаноўцы адкрыты яслі-сад № 5. Капітальны рамонт установы ішоў амаль два гады, і вось пры падтрымцы абласнога і раённага кіраўніцтва, пры стабільным дзяржаўным фінансаванні – адноўленая ўстанова гатова прымаць сваіх маленькіх выхаванцаў.

У цырымоніі адкрыцця садка прыняў удзел старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзій Салавей.

ЛІПЕНЬ
У спартыўную гісторыю Петрыкаўшчыны ўвайшоў анлайн-прабег “Дзякуй урачам-2020”, у якім прынялі ўдзел 55 спартсменаў-аматараў. Мэтамі анлайн-прабегу з’яўлялася прапаганда здаровага ладу жыцця, прыцягненне грамадзян да заняткаў фізічнай культурай і спортам, матэрыяльная і маральная падтрымка ў барацьбе з COVID-19 супрацоўнікаў УАЗ “Петрыкаўская ЦРБ”.
Раённая спартакіяда “Я люблю Беларусь” арганізаваная па ініцыятыве РГА “Беларускі саюз жанчын” прайшла на Фізкультурна-аздараўленчым комплексе “Прыпяць”.

У раёне прайшлі акцыі “Маёй краіне”. Жыхароў райцэнтра і сельскіх населеных пунктаў радавалі творчыя калектывы раёна, артысты Гомельскай абласной філармоніі і спецыяльны госць Саша Нэма.
Выпускніца ДУА “Гімназія г. Петрыкава”, сярэбраная медалістка Анастасія Какора на цэнтралізаваным тэсціраванні па грамадазнаўстве набрала 100 балаў.
ЖНІВЕНЬ
На гарадской вяслярнай базе прайшло адкрытае першынство Гомельскай вобласці СДЮШАР прафсаюзаў па акадэмічнай грэблі, у якім прынялі ўдзел больш за 80 юных спартсменаў з Гомеля, Калінкавічаў, Мазыра, Светлагорска і Петрыкава. У 2021 годзе Петрыкаўская “вяслярная школа” адзначыць сваё 40-годдзе. За гэты час трэнерскім калектывам падрыхтавана 10 майстроў спорту, 2 міжнароднікі, 1 заслужаны майстар спорту.
У аграгарадку Ляскавічы пабудавалі першы шматкватэрны дом. 12 двухпакаёвых і столькі ж аднапакаёвых кватэр прынялі шчаслівых навасёлаў з ліку работнікаў Нацыянальнага парку.
9 жніўня ў краіне прайшлі выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Горна-абагачальны камбінат ААТ “Беларуськалій” адгрузіў першую партыю угнаенняў. Заказчыкам выступіла СУП “Палессе-Аграінвест”.
29 жніўня у аграгарадку Ляскавічы гасцей і ўдзельнікаў сустракаў VІ Міжнародны фестываль этнакультурных традыцый “Кліч Палесся”. У межах фестывалю ўпершыню прыняў гасцей гісторыка-этнаграфічны комплекс “Музей пад адкрытым небам”.

ВЕРАСЕНЬ
Самы масавы за гісторыю Петрыкаўшчыны велапрабег прайшоў у райцэнтры.
Па інфармацыі арганізатараў велапрабегу, мерапрыемства аб’яднала больш за шэсць дзясяткаў веласіпедыстаў самага рознага ўзросту і прафесій. Аб’яднаныя нацыянальнымі сцягамі і агульным лозунгам “За Беларусь!”, на старт выйшлі прадстаўнікі працоўных калектываў, грамадскіх аб’яднанняў, ветэраны і вучні гарадскіх школ.
Ветэрынарная аптэка адкрылася ў райцэнтры. Сродкі на гэта былі накіраваны з аблспажыўтаварыства.
Да Дня работнікаў лясной гаспадаркі намеснік прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Аляксандр Субоцін уручыў ключы ад двух электрамабіляў BMW і3 генеральнаму дырэктару Нацыянальнага парку “Прыпяцкі” Сцяпану Бамбізу.
На абласным свяце “Дажынкі” дырэктар СУП “Палессе-Аграінвест” Міхаіл Капінскі быў адзначаны Падзякай ад Прэзідэнта і нагрудным знакам за шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм і асабісты ўклад у развіццё аграпрамысловага комплексу.

КАСТРЫЧНІК
У гонар 100-годдзя ЛКСМБ на ўездзе ў райцэнтр з боку пасёлка Капцэвічы пасадзілі памятную алею са 100 клёнаў.
У Міжнародны дзень настаўніка ДУА “Гімназія г. Петрыкава” адсвяткавала сваё 15-годдзе. Яе гонар – гэта 22 пераможцы трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах і 6 – заключнага, 43 вучні сталі пераможцамі заключнага этапу абласной алімпіяды. 10 разоў навучэнцы гімназіі станавіліся стыпендыятамі Фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.
У абласным маладзёжным форуме “Беларусь – гэта мы!” прынялі ўдзел прадстаўнікі Петрыкаўшчыны. Перад Палацам лёгкай атлетыкі ўдзельнікі форуму высадзілі алею з туй. На пасаджаных дрэўцах замацавалі стужкі з пажаданнямі міру і росквіту краіне.

ЛІСТАПАД
На міжнародным фестывалі-конкурсе “Творчасць без межаў” тэатр мод ДУА “Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі” пад кіраўніцтвам Надзеі Слабадзянюк заняў 3 месца.
Упершыню ў гісторыі Петрыкаўшчыны вайсковец тэрміновай службы з Залесся Уладзіслаў Радзькоў быў узнагароджаны каштоўным падарункам – гадзіннікам з гравіроўкай ад Міністэрства абароны. Гэтай узнагароды Уладзіслаў быў удастоены за ўдзел у VI армейскіх міжнародных гульнях “АРМІ-2020”.
У райцэнтры адбылося ўрачыстае адкрыццё аварыйна-выратавальнай часці. У час урачыстага мерапрыемства была пасаджана памятная алея з туй “Пажарнае братэрства”.
Петрыкаўчанін Роман Курдо стаў пераможцам рэспубліканскага конкурсу Беларускага Чырвонага крыжа “Лепшы сацыяльны партнёр-2019” у намінацыі “Лепшы валанцёр-работнік арганізацыі-партнёра”.
Свой першы сезон у трэцім дывізіёне нацыянальнага чэмпіянату па футболе каманда “Шахцёр” скончыла на другой прыступцы п’едэсталу, атрымаўшы прамую пуцёўку ў першую лігу.
Творчы танцавальны калектыў “Аквамарын” ДУА “Петрыкаўскі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі” прыняў удзел у V міжнародным фестывалі мастацтваў “#BYFEST-2020” і атрымаў дыплом І ступені.

СНЕЖАНЬ
Завяршыўся раённы этап абласнога конкурсу “Лепшы настаўнік-дэфектолаг”. Лепшымі ў раёне сталі Ксенія Ліцвін з ясляў-сада №3, Наталля Кабановіч з ДУА “Сярэдняя школа №1 г. Петрыкава” і Таццяна Ляскоўская з Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.
Пераможцай раённага анлайн-конкурсу “Маладая сям’я Петрыкаўшчыны-2020” стала сям’я Марыны і Арцёма Корж з аграгарадка Пціч.
Народны тэатр Капаткевіцкага гарадскога дома культуры спектаклем “Сюрпрыз або Новая казка дамавіка” абараніў званне “Народны”.
Падзяку ўпраўлення спорту і турызму аблвыканкама за прафесіяналізм і значны ўклад у развіццё ўезднага і ўнутранага турызму, прапаганду турыстычных магчымасцяў вобласці атрымаў Петрыкаўскі раённы аддзел спорту і турызму райвыканкама.
У рамках рэспубліканскай акцыі “Дарогамі спаленых вёсак” у Хвойні прайшоў мітынг-рэквіем “Будзем памятаць”.
У райцэнтры пачалі дзейнічаць гарадскія аўтобусныя маршруты.

Галіна КАЗАК.
Фота Арцёма ГУСЕВА.

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о