11 красавіка адзначаецца памятная дата – Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў, у памяць пра інтэрнацыянальнае паўстанне вязняў канцлагера Бухенвальд, якое адбылося 11 красавіка 1945 года.

Прыгожы ўтульны дом, унутры якога стаіць незвычайна салодкі водар свежай выпечкі. Пра кексы, якія так апетытна чакаюць у талерцы, каб іх з’елі, мой герой у сваім дзяцінстве і марыць не мог.
Замест смачнай і карыснай ежы – прэсныя лушпайкі, замест цёплага ложка і казкі на ноч – каменны склеп і гучныя выбухі, замест дзіцячых забаў і гульняў – трупы яўрэяў, якіх трэба пахаваць, замест канікул у бабулі – фашысцкі лагер для дзяцей у вёсцы Скобраўка Пухавіцкага раёна.
Алег Рыгоравіч Белафост нарадзіўся ў 1932 годзе ў Петрыкаве. І вось яго гісторыя цяжкага дзяцінства, апаленага Вялікай Айчыннай вайной.


– Па вечарах уся вуліца збіралася пасядзець на лавачках, пагаварыць, толькі так мы даведваліся пра ўсе навіны, – пачаў Алег Рыгоравіч.
– Тады сусед сказаў, што наступаюць германцы. У каго ёсць склеп, трэба капаць яшчэ глыбей, каб схавацца на выпадак бамбёжкі. Навіна ўсіх ашаламіла. У маці быў каменны склеп. Мы і яшчэ адна сям’я хаваліся там. Я, хлопчык 8 гадоў, увесь час не мог уседзець на месцы. Хацелася вылезці і паглядзець на ворага.
Як толькі немцы заступілі на тэрыторыю нашага раёна, перш за ўсё яны разрабавалі гаспадарку.

11 красавіка – Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў
Алег Белафост з дачкой Іраідай

Бацька мой рэпрэсаваны. Маці – без працы. Адзінае, што нас карміла – гэта агарод і карова. Памятаю, як немец адводзіў нашу карову, а я бег за ёй услед і слёзна маліў: “Вярні!”
Праз хуткі час немцы захапілі наш дом, пасяліўшыся там, і зрабілі нешта накшталт штаба. Нам дазволілі жыць у адным з пакояў. Яны ўвесь час загадвалі маці зварыць бульбы. Часам яны дзяліліся ежай, нейкімі кансервамі.
– Як толькі пачалася вайна, – працягнуў Алег Рыгоравіч, – усё склады і заводы пачалі раскрадаць. Памятаю, якая была паніка з-за солі. Я ўжо прыбег на склад апошнім, тады соль там была ў стане каменя. Давялося вярнуцца дадому за сякеркай. Нешта атрымалася наскрэбці.
Па словах нашага героя, памяць – субстанцыя складаная, сёе-тое сціраецца з яе, сыходзіць.
– Але асабліва цяжкія часы памятаю вельмі добра. З яркіх успамінаў – гэта як па нашай вуліцы, жылі мы на Першамайскай, ледзь не кожны дзень паліцаі і фашысты вадзілі яўрэяў на расстрэл.

Мы з суседскімі хлапчукамі выбягалі на ваколіцу і хаваліся пад грушай, каб паглядзець, што там, на месцы старой бойні, будзе.
Памятаю сілуэты людзей, якія, як даміно, падалі на зямлю, а потым толькі даносіўся гук ад стрэлу. Як толькі ворагі сыходзілі, мы беглі да магіл.
“Хлопцы, трэба гэтыя магілы, наколькі магчыма, засыпаць”, – сказаў я сваім сябрам недзіцячым голасам. Я быў верхаводам вуліцы.

“НЕДЗІЦЯЧАЕ” КІНО
Вясну 43-га года Алег Рыгоравіч успамінае з асаблівым хваляваннем.
– Нацысты абвясцілі, што будуць паказваць у горадзе кіно дзецям. Многія бацькі адразу зразумелі: нешта тут не так. І дзяцей не пусцілі. Прыйшло на той “кінасеанс” усяго некалькі чалавек. Астатніх праз два дні ў 6 гадзін раніцы прыйшлі забіраць немцы самастойна. Да гэтага часу памятаю крык маці, як яна ўмольвала акупантаў не забіраць мяне.

– Забіралі ўсіх – і дзяўчынак, і хлопчыкаў. А куды і для чаго ніхто – не мог сказаць. Спачатку на машыне ўсіх дзяцей павезлі на станцыю Капцэвічы і пакінулі пераначаваць у нейкім бараку, а адтуль – “таварняк” са спецыяльным грузам накіраваўся ў Мар’іну Горку. У Скорбаўцы акупанты арганізавалі канцлагер, куды звозілі дзяцей, каб браць у іх кроў для сваіх параненых.

У адной з афіцыйных крыніц паведамляецца, што агульная колькасць дзяцей у лагеры “Скорбаўка” вагалася ад 1300 да 1800 чалавек.
– Холад, голад, але самае страшнае – гэта вошы, якія ўядаліся ў скуру. Дзяўчынкам з-за доўгіх валасоў было горш за ўсё. Мы спрабавалі распальваць вогнішчы і душыць вошай дымам. У кагосьці атрымлівалася.

Як толькі пачала зелянець трава, стала лягчэй. Самыя спрытныя маглі пралезці праз дрот і дзесьці нарваць трохі шчаўя. Яго мы заварвалі ў банках з-пад кансерваў. Агідны суп, скажу я вам.
Нашы пакуты працягваліся больш за 3 месяцы. Армія маршала Ракасоўскага прыйшла вызваляць нас. Раніцай мы прачнуліся, а ў лагеры няма ні немцаў, ні іх сабак. Уцяклі.

Хтосьці з дзяцей адразу пайшоў, хтосьці дачакаўся прыходу арміі, а за некаторымі прыйшлі бацькі.
Адзін мужчына з Петрыкава дабраўся да лагера сваім ходам. Тут, у лесе, хаваўся некалькі дзён, чакаў. Дачакаўся. Забраў сваіх дзяцей і яшчэ дзясятак аднавяскоўцаў. Я з некалькімі сябрамі дабіраліся да Петрыкава самастойна.

ВЫЖЫВАННЕ
– Менавіта так я назаву тыя часы. Мы практычна паміралі з голаду. Мама другі раз выйшла замуж. Але, нягледзячы на гэта, з пяці дзяцей я, на правах самага старэйшага, дапамагаў ёй ва ўсім, заўсёды.
Мы доўга раіліся, як далей жыць, як шукаць сабе пражытак і вырашылі, што трэба паехаць усёй сям’ёй пад Гродна. Гэта бліжэй да Польшчы, у людзей там жыццё было крыху лепш. Айчым працаваў шаўцом. А я бегаў красці вугаль, каб нам не змерзнуць.

Пасля вяртання ў Петрыкаў, я працаваў ганчаром, рабіў гаршкі. Гэтага мне было недастаткова, браў сваё юнацкі максімалізм. Кінуў усё і паехаў вучыцца ў Пінск на кінамеханіка. Гэта была перспектыўная праца і грашовая. Толькі пры Сталіне кідаць вытворчасць? Хто ж такое дазволіць! І мяне прама з лекцыі забралі дадому.
На малочным заводзе я прапрацаваў амаль 30 гадоў слесарам, ведаў вытворчасць, як свае пяць пальцаў. І калі трэба было ратаваць завод з-за якой-небудзь паломкі, ехаў у абыход усіх правілаў, па-партызанску, за тым жа сепаратарам у Махачкалу.
– Праца – вось сапраўдная крыніца жыцця, – у канцы гутаркі канстатаваў мой суразмоўца.

Жыццё Алега Белафоста – гэта калейдаскоп цяжкіх успамінаў дзяцінства і юнацтва, і радасных – ужо сталага ўзросту і пенсіі. Алег Рыгоравіч паспеў шмат дзе папрацаваць – гэта і суднарамонтны завод, малочны і хлебазаводы, але ўсюды ён запомніўся як чалавек з характарам, з прынцыпамі. Разам з жонкай яны пражылі 54 гады, выгадавалі трох дзяцей.
Як адзначае наш герой, ад увагі, клопату і любові блізкіх і родных людзей адчувае ён сябе шчаслівым і моцным. А значыць – жывым.

Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о