З БССР звязана цэлая эпоха ў гісторыі нашай дзяржавы, эпоха нацыянальнага і дзяржаўнага адраджэння беларускага народа, усіх сфер жыцця беларускага грамадства. За 100 гадоў свайго існавання рэспубліка прайшла складаны і драматычны шлях свайго развіцця, ператварылася з адсталай аграрнай ўскраіны былой царскай Расіі ў высокаразвітую індустрыяльна-аграрную савецкую рэспубліку.
1 студзеня 2019 года спаўняецца 100 гадоў з дня абвяшчэння Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі.1 студзеня 2019 года спаўняецца 100 гадоў з дня абвяшчэння БССР
Пасля вызвалення тэрыторыі Беларусі ад нямецкіх акупантаў ў 1918 г. перад беларускім народам паўстала пытанне аб стварэнні ўласнай дзяржаўнасці.
Працэс нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва праходзіў у Беларусі ў даволі складаных умовах. Камісія ВЦВК РСФСР прапанавала на тэрыторыі былой Расійскай імперыі ліквідаваць нацыянальны падзел і стварыць, акрамя Маскоўскай, яшчэ тры вобласці (Камуны): Заходнюю, Паўночную і Уральскую. Заходнюю вобласць меркавалася стварыць у складзе Смаленскай, Віцебскай, Магілёўскай, Чарнігаўскай, Менскай, Віленскай і Ковенскай губерняў з абласным цэнтрам у Менску.
Гэтую пазіцыю падтрымлівалі і кіраўнікі Паўночна-Заходняга абкама РКП(б), аблвыканкама і СНК Заходняй вобласці і фронту. Яны лічылі Беларусь тэрытарыяльнай адзінкай РСФСР.
Супрацьлеглую пазіцыю па пытанні аб нацыянальным лёсе Беларусі адстойваў Беларускі нацыянальны камісарыят (Белнацкам), створаны ў студзені 1918 г. пры Народным камісарыяце РСФСР па справах нацыянальнасцяў у Маскве. Кіраўнікі Белнацкаму Аляксандр Чарвякоў і Дзмітрый Жылуновіч лічылі неабходным стварэнне Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі і ўстанаўленне цесных сувязяў з РСФСР на прынцыпах аўтаноміі.
21-23 снежня 1918 г. у Маскве адбылася канферэнцыя беларускіх секцый РКП(б). У ходзе яе працы было абрана Цэнтральнае бюро (ЦБ) беларускіх камуністычных секцый РКП(б), старшынёй якога стаў Дзмітрый Жылуновіч. Канферэнцыя прызнала неабходным стварэнне Часовага рабоча-сялянскага ўрада Беларусі.
У гэтым становішчы, па ініцыятыве Уладзіміра Леніна, пытанне пра лёс беларускай дзяржаўнасці стаў прадметам тэрміновага разгляду ў ЦК РКП(б). 24 снежня 1918 года было прынята рашэнне аб утварэнні Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі – ССРБ (толькі ў 1927 г. гэтае найменне было зменена на Беларускую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку).
25 снежня 1918 г. Народны камісар РСФСР па справах нацыянальнасцяў Іосіф Сталін сустрэўся з кіраўнікамі Белнацкаму і прапанаваў ім скласці спіс кандыдатаў на замяшчэнне пасад у Часовым рабоча-сялянскім Савецкім ўрадзе Беларусі. 27 снежня 1918 г. Сталін правёў нараду з удзелам работнікаў Белнацкаму, ЦБ беларускіх секцый і прадстаўнікоў Паўночна-Заходняга абкама РКП(б). На ім былі разгледжаны пытанні аб фарміраванні ўрада Савецкай Беларусі, вызначэнні яе межаў і складзе яе ўрада.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о